«Толькі ў Крычаве майстры ляпілі канька без ножак і падобнага да шахматнай фігуркі». Крычаўскую свісцёлку ўнеслі ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў
Істота з галавой каня і тулавам качкі — менавіта так выглядае цацка-свісцёлка «крычаўскі конік», якая даўно стала брэндам Крычава і сімвалам рэгіянальнага фестывалю «Крычаўскі конік». А сёлета самабытны архаічны выраб Магілёўскага Падняпроўя атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і быў уключаны ў дзяржаўны спіс каштоўнасцяў Беларусі, піша «Звязда».
22.05.2023 / 17:24
Адрадзіў майстэрства і тэхналогію вырабу гліняных народных цацак-свісцёлак Магілёўскага Падняпроўя ў Магілёве і Крычаве Вячаслаў Якавенка, народны майстар Беларусі. Больш за 20 гадоў дапамагае яму ў гэтым Любоў Яшчанка, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.
Менавіта з іх лёгкіх і творчых рук у Крычаве гадоў з пяць таму выйшаў выдатны фестываль, дзе свае ўменні ў працы з глінай дэманструюць як дарослыя майстры, так і шматлікія навучэнцы творчай пары.
«Падняпроўская цацка-свісцёлка — ручны выраб з гліны, прызначаны для атрымання свісту, розных гукаў і выканання мелодый. На іх можна імітаваць спевы птушак, гукі жывёл і звяроў, — расказвае і паказвае свае творы народны майстар. — У старажытнасці арэал распаўсюджвання падняпроўскай глінянай цацкі — тэрыторыя Верхняга Падняпроўя, на якой жылі плямёны мілаградскай, юхнаўскай і дняпроўска-дзвінскай археалагічных культур.
Толькі ў Крычаве майстры ляпілі такую форму канька, якую вы бачыце: без ножак і падобнага да шахматнай фігуркі. У гэтым яго адметнасць і вядомасць далёка за межамі Беларусі».
Сённяшнія канькі жывуць і нараджаюцца ў магілёўскай студыі «Чароўная гліна», якой кіруе Любоў Яшчанка, і крычаўскай узорнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Свісцёлка» пры раённым цэнтры культуры пад кіраўніцтвам Вячаслава Якавенкі.
Цацка зграбная, невялікая, без вострых выступаў, дробязяў, яна добра кладзецца ў руку і з ёю лёгка абыходзіцца. Але ж толькі на Магілёўскім Падняпроўі існавалі наступныя формы і вобразы, яны не сустракаюцца больш нідзе. Гэта качка-конь (птушка-конь), крычаўскі конь, вершнік на качцы, вершнік на качцы-кані, конь-певень, сава, расказала Любоў Яшчанка:
«Часцей за ўсё ў творчасці і ў цацках выкарыстоўваецца тое, што найбольш цэніцца. А ў гаспадарцы гэта быў перш за ўсё конь. Ён і зямлю арэ, і грузы перавозіць, без яго як без рук. Перад канём даўней людзі схіляліся, і цяперашняя дзятва, як зачараваная, на яго пазірае. Гэта асаблівая жывёла. А крычаўскі качка-конь — істота асаблівая. Яна спалучае ў сабе сакральную сілу качкі — сімвала ночы і мацярынства, якая ахоўвала чалавека ў цемры, і каня — сімвала сонца, любові і ўрадлівасці, якая засцерагала гаспадара ў светлы час.
Падняпроўская цацка адрозніваецца ад іншых спосабам лепкі. Яна робіцца з цэлага кавалка гліны пластычным спосабам (з першапачатковай формы выцягваюцца ногі, галава, хвост, вушы). Паасобку могуць прымацоўвацца рогі і вершнік, які сядзіць на качцы-кані.
Цацка вылучаецца адной характэрнай вялікай дэталлю, якая адразу звяртае на сябе ўвагу. Напрыклад,
вялікія вушы ў каня, грэбень у каня-пеўня ці адна галава і шыя, як у крычаўскага каня (такі вобраз дае падставу лічыць гэтую цацку, бадай што, самай архаічнай і звязанай з культам каня і качкі).
Падняпроўскія цацкі вырабляліся ў тэхніцы тэракоты, глазуравання (паліву часцей зялёнага колеру), чарнення і гартавання (абпальвання). Вячаслаў Якавенка адзначае каля 20 функцый падняпроўскай глінянай цацкі-свісцёлкі, частка з якіх засталася ў мінулым, але большасць існуе і ў сучаснасці. Гэта рытуальна-культавая, абрадавая, лекавая, гульнявая функцыі. Цацка можа быць таксама абярэгам, сувенірам, музычным інструментам, упрыгажэннем інтэр'ера, елачнай цацкай.
Чытайце таксама:
«Можна і агарод узараць, і верхам на ім праехацца». За што цэняць беларускую пароду коней?
Цімафей Акудовіч: Сапраўдныя нематэрыяльныя каштоўнасці не жывуць у Дамах культуры