Меркаванні

Цімафей Акудовіч: Сапраўдныя нематэрыяльныя каштоўнасці не жывуць у Дамах культуры

Гісторыка і экскурсавода Цімафея Акудовіча абурыла ўнясенне Мінкультам у спіс нематэрыяльнай спадчыны «стравы з дранай бульбы» (папросту дранікаў) і ён падзяліўся ў сябе ў Фэйсбуку думкамі з гэтай нагоды. Паводле яго пераканання, цяперашні спіс ёсць спісам амбіцый людзей, хоць ён не мусіць ім быць. А быць насамрэч павінна па-іншаму.

Котчынская кадрыль у вёсцы Вялікія Азёркі Мастоўскага раёна. Фота Паўла Кузьміна/veski.sb.by

Мінкульт на гэтым тыдні прыняў у спіс нематэрыяльнай спадчыны «Стравы з дранай бульбы» (прасцей гаворачы — дранікі) і ўсіх бамбанула.

У мяне прэтэнзіі да нашай сістэмы нематэрыяльнай спадчыны фармуюцца даўно. І «бамбанула» ў мяне значна раней за дранікі, у 2020 годзе, калі ў спіс прынялі Котчынскую кадрыль з Гарадзеншчыны.

У мяне ні ў якім разе няма ніякіх прэтэнзій да гэтай кадрылі. Я цалкам падтрымліваю яе адраджэнне, унясенне ў спіс, а людзі, якія яе аднаўляюць, — вялікія малайцы. Праблема глыбей.

Паспрабую караценька. На прыкладзе кадрылі.

Для чаго патрэбны «Спіс нематэрыяльных каштоўнасцей»?

1) каб мець спіс нематэрыяльных каштоўнасцей (банальна);

2) мець апісанне і фіксацыю гэтых каштоўнасцей (куды ступаць, як падскокваць, што падпяваць);

3) каб мець спіс выбраных (брэндзіраваць);

4) каб стымуляваць аднаўленне гэтых каштоўнасцей (каб людзі на раёне пачалі той танец выкарыстоўваць).

Ну і вось маё сціплае меркаванне.

1. Досыць дзіўная логіка збіраць спіс існуючых прадметаў праз заяўкі. Усё-ткі нематэрыяльныя каштоўнасці — гэта часцей за ўсё нейкія з'явы, якія фармуюцца здаўна. Яны ўжо ёсць. Ці эфектыўна збіраць у спіс гэтыя з'явы па заяўным прынцыпе?

То-бок вы можаце падрыхтаваць паўсотні спецыялістаў і за абмежаваны час сабраць спіс 90% нематэрыяльных практык па Беларусі. Але замест гэтага вы робіце прыёмны пункт, куды запрашаеце людзей прыносіць свае практыкі. Прычым матывацыя рабіць гэта — досыць спрэчная.

І тут зразумела, што немагчыма ўсе нематэрыяльныя з'явы сабраць за раз. Бо субстанцыя складаная. Але больш правільна аддаць гэтую справу прафесіяналам.

2. Пра фіксацыю. Тут тое ж самае. На раёне можа захавацца ўнікальная нематэрыяльная з'ява, але мясцовы работнік культуры жыве ад 9 мая да 3 ліпеня і знаць нічога не знае пра традыцыю. А ў суседнім раёне амбітны культработнік фіксуе і падае хоць бы што, каб засвяціцца. І ў Радзе мусяць працаваць з тым, што дойдзе. А фіксуе з'яву ён непрафесійна. І досыць часта не бачыць дыяментаў сярод шаблонных рэчаў.

Фармаваць спіс і праводзіць фіксацыю лагічней спецыялістам. І не з пазіцыі пасіўных «прыёмшчыкаў», але з актыўнай пазіцыі збіральнікаў.

3. Патрапіць у спіс выбраных. Тут вельмі складанае пытанне і шмат нюансаў. Адзначу толькі адзін — знаходжанне ў спісе дае брэндзіраванне.

І на раённым узроўні гэта нібыта працуе. Прыязджаеце вы ў нейкую вёску і там нібыта між справай кажуць, што іх абрад унесены ў дзяржспіс. Ну і ўсе пачынаць шматзначна пераглядацца і прыцмокваць языкамі.

Але на самой справе ўсё гэта спрэчна:

— нармальнае брэндзіраванне прадукту значна лагічней рабіць з дапамогай нармальных піяршчыкаў, а не праз Мінкульт;

— брэндзіраванне прадукту з боку дзяржавы лагічней рабіць праз публічны і пафасны конкурс, а не праз мутныя крытэрыі дзяржспісу;

— брэндзіраванне праз Мінкульт часцей за ўсё азначае канец брэндзіравання, бо ўжо ўсяго дамагліся, далей рухацца няма куды;

— ну і нагадаю, што пакуль у адным раёне цмокаюць языкамі, у іншым раёне загінаецца нейкі напраўду каштоўны абрад, бо там проста няма прабіўнога культработніка.

4. Стымуляцыя аднаўлення. Самым заганным з'яўляецца ўяўленне, што ўнясенне ў Спіс аднаўляе практыку выкарыстання нейкага абраду ці танца.

Вось з кадрыллю. Там харошы чалавек запісаў ад старых людзей танец «Кадрыль», сабраў дзяцей, навучыў іх танцаваць гэтую кадрыль. І гэта было зафіксавана як аднаўленне традыцыі. Але ж гэта не так! Гэтыя дзеці вырастуць, разбягуцца і ўсё, канец традыцыі. Дзеці агулам не могуць быць захавальнікамі традыцыі! Гэта прафанацыя.

Агулам, сапраўдныя нематэрыяльныя каштоўнасці не жывуць у Дамах культуры, яны мусяць жыць у супольнасцях. Гэта прынцыпова.

Аднаўляць каштоўнасныя практыкі ў супольнасцях — гэта складаная навука і вялікая ідэйная гульня. Дадаванне ў спіс тут нічога не вырашае.

Мяне «бамбанула» на гэтай тэме, бо я ў 2020 годзе яшчэ актыўна ўдзельнічаў у шырокім руху па арганізацыі танцавальных супольнасцяў у Беларусі. І гэта напраўду было фармаваннем новай з'явы на аснове традыцыі. Людзі ў розных гарадах сапраўды пачалі танцаваць кракавякі і полькі. І мы доўга думалі, як увесці ў практыку тыя ж кадрылі, бо гэта складаны танец.

І вось гэта ёсць той вопыт, які трэба вывучаць, каб зразумець, як працаваць з нематэрыяльнай спадчынай у Беларусі. Але дзе там хто аналізаваў. Зараз пазаносім у спіс і адсправаздачымся.

Неяк так. У дыскусіі вакол дранікаў прагучаў аргумент, што сістэма ўнясення ў спіс — гэта адзіная жывая субстанцыя ў Мінкульце, дзе людзі нешта робяць, стараюцца і змагаюцца. І гэта так. І цяпер, можа, гэта найлепшае з таго, што можа быць.

Але ў рэальнасці: цяперашні спіс ёсць спісам амбіцый людзей, хоць ён не мусіць ім быць.

У той жа час людзей у гэтым спісе і няма, хаця мусілі б быць. Бо нематэрыяльныя каштоўнасці — гэта ў першую чаргу людзі.

Падаецца, у Японіі так і робяць. Там у спіс уносяць людзей. Персанальна. І гэта дае матэрыяльныя бонусы.

Чытайце таксама:

Дранікам надалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці

Каментары

Цяпер чытаюць

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі ВІДЭА124

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі ВІДЭА

Усе навіны →
Усе навіны

Што будзе з домам у Гомелі, дзе выбухнуў газ і загінула жанчына пад абломкамі?3

Вось як працуюць новыя мабільныя камеры на дарогах Міншчыны3

Ціханоўская пра Бабарыку і Калеснікаву: Не бачу праблемы, калі яны будуць развіваць сваю партыю21

Ва Украіне яшчэ адна гучная карупцыйная справа. Сярод падазраваных — дэпутаты «Слугі народа»6

280 парушэнняў! ДАІ злавіла вельмі недысцыплінаванага кіроўцу3

Пуціну паведамілі пра захоп Гуляйполя3

Міндзіча — фігуранта гучнай карупцыйнай справы ва Украіне і паплечніка Зяленскага — знайшлі ў Ізраілі. Што ён сказаў?2

Балет пра Марка Шагала паставяць у Вялікім тэатры

Пуціла і Бяспалаў зняліся ў новым кліпе «Дай дарогу!»13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі ВІДЭА124

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі ВІДЭА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць