Брытанская пара патраціла $250 000, каб прыбраць з дома мурал Бэнксі

У 2021 годзе Бэнксі намаляваў 6-метровую чайку на сцяне дома ў Лаўстофце, графства Сафалк.

27.05.2023 / 09:17

Брытанская пара патраціла амаль 250 тысяч даляраў, каб прыбраць мурал мастака Бэнксі са сваёй сцяны з-за «надзвычай стрэсавага» догляду яго, піша «Украінская праўда».

З тых часоў домаўладальнікі Гары і Хокін Коўтс неаднаразова цярпелі ад вандалаў і былі вымушаныя плаціць за ахову і захаванне Чайкі, трацячы амаль 50 тысяч даляраў у год.

Выдаленне фрэскі абышлося прыкладна ў чвэрць мільёна даляраў.

«Спачатку гэта было проста неверагодна, але з развіццём падзей гэта стала надзвычай стрэсавым. Я не ўпэўнены, што Бэнксі ўсведамляе непрадбачаныя наступствы для домаўладальнікаў. Калі б мы маглі павярнуць час назад, мы б гэта зрабілі», — сказаў Гары Коўтс у інтэрв'ю The Times.

Хуліганы спрабавалі зафарбаваць мурал, а злодзеі адколвалі фрагменты працы, каб прадаць іх на Facebook, ад чаго цярпеў і будынак, і яго ўладальнікі.

Пасля аднаго з такіх крадзяжоў ім прыйшлося за свой кошт наняць ахоўніка, які б сачыў за муралам ноччу.

Нарэшце, сям'я вырашыла зняць 22-тонную фрэску.

 Коўтсам давялося перакрываць дарогу і наймаць 40-футавы кран — гэта каштавала 200 тысяч фунтаў стэрлінгаў (246 300 даляраў).

Гарадская рада Лаўстофта прызнала, што пара мае права выдаліць працу са сваёй уласнасці і што «працы Бэнксі па сваёй прыродзе не заўсёды могуць быць пастаяннымі аб'ектамі».

Мясцовы арт-дылер Джон Брандлер хоча захаваць фрэску ў галерэі або музеі. А Коўтсы спадзяюцца прадаць карціну, каб пакрыць свае выдаткі.

У мінулым годзе брытанскі вулічны мастак Бэнксі стварыў сем муралаў у розных месцах Украіны, у прыватнасці ў Кіеве, Ірпені і Барадзянцы і Гастомелі.

Аднак Гастомельскі мурал зрэзала група людзей, за што іх затрымала паліцыя.

Чытайце таксама:

Бэнксі пацвердзіў аўтарства сямі работ, створаных у вядомых месцах Украіны

Вулічнага мастака Бэнксі зрабілі ганаровым грамадзянінам Ірпеня

Ва Украіне прыдумалі, як абараніць ад вандалаў і злодзеяў вулічныя графіці мастака Бэнксі

Nashaniva.com