Ва Украіне прыдумалі, як абараніць ад вандалаў і зладзеяў вулічныя графіці мастака Бэнксі
Для абароны работ зоркі брытанскага вулічнага мастацтва Бэнксі ў Барадзянцы, Ірпені і сяле Горанка на іх усталявалі абарону з кругласутачным бесправадным падключэннем да ахоўнай кампаніі. Ахоўныя канструкцыі забяспечаныя датчыкамі руху і ўдару.
Ахоўныя канструкцыі распрацавалі разам з вытворцам сістэм бяспекі Ajax Systems.
Датчыкі руху і ўдару будуць фіксаваць спробы пашкоджання або падыходу да аб'екта. Яны таксама ўключаюць вулічную сірэну побач і праз цэнтральныя сістэмы бяспекі перадаюць паведамленні ў ахоўную кампанію.
Як адзначаецца, гэтыя датчыкі не залежаць ад пастаяннага сілкавання. Хаб трымае сувязь з імі на адлегласці да 1700 метраў і паведамляе ахове пра трывогу менш чым за 0,15 секунды.
Брытанскі творца Бэнксі наведаў Кіеў і ваколіцы восенню мінулага года. Пасля ягонага візіту там з'явілася сем яго работ. Некаторыя з іх — у месцах, якія моцна пацярпелі ад расійскіх бамбардзіровак: Кіеве, Ірпені і Барадзянцы.
На адным з муралаў, напрыклад, намаляваны мужчына, падобны да прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, якога кідаюць на падлогу падчас паядынку па дзюдо. Іншая праца паказвае двух дзяцей, якія гайдаюцца на імправізаваных арэлях, зробленых з супрацьтанкавага вожыка.
Яшчэ адзін мурал, намаляваны на руінах разбуранага будынка, адлюстроўвае гімнаста, які выконвае на адным з абломкаў стойку на руках.
Пазней гэтыя работы неаднаразова спрабавалі скрасці ці пашкодзіць.
Каментары