«Крычала, вяла сябе агрэсіўна». Стала вядома, што з Аленай Анісім
Яна адседзела 12 сутак.
01.06.2023 / 13:48
Алена Анісім. Фота: «Наша Ніва»
«Хто перажываў, хваляваўся за Алену Анісім і цікавіцца яе лёсам, спадырыня Алена ўжо на волі, адбыла 12 сутак адміністрацыйнага арышту па абвінавачанні ў дробным хуліганстве», — напісала ў фэйсбуку праваабаронца Таццяна Равяка.
«Крычала, размахвала рукамі, паводзіла сябе агрэсіўна, на просьбы супакоіцца не рэагавала — усё гэта паважаны навуковец здзейсніла ў РУУС Першамайскага раёна Мінска».
Зараз Алена Анісім з'ехала за горад, падлечваецца. Вядома, што яе звольнілі з Акадэміі навук, піша «Народная Воля».
Па былую дэпутатку Палаты прадстаўнікоў і кіраўніцу Таварыства беларускай мовы Алену Анісім прыйшлі 17 мая проста ў Акадэмію навук. Куды яе завезлі і ў чым вінавацілі, доўгі час не было вядома.