Чыноўнікі абвясцілі найлепшым інтэрнэт-праектам прапагандысцкі ютуб-канал, дзе некаторыя відэа збіраюць па 30 праглядаў

Міністэрства інфармацыі абвясціла пераможцаў конкурсу «Залатая ліцера», які праводзіцца сярод дзяржаўных медыя. Некаторыя выклікаюць недаўменне.

02.06.2023 / 19:24

Так, найлепшым інтэрнэт-праектам рэгіянальных і карпаратыўных выданняў назвалі «Вячэрні палітычны канал» — праект агенцтва «Мінск-Навіны».

Гэты ютуб-канал мае пад 2 тысячы падпісантаў. Відэа на ім збіраюць звычайна па пару соцень праглядаў. Асабліва непапулярным выглядае аўтарскі праект прапагандыста Вадзіма Ялфімава. Выпускі з ім за апошнія тыдні часам не набіраюць і 50 праглядаў.

Вадзім Ялфімаў. Скрын відэа «Вячэрняга палітычнага канала»

Канечне, бываюць на канале і відэа на пару тысяч праглядаў. Адзіная тэма, якая прынесла дзясяткі тысяч праглядаў, — прэзідэнтка Малдовы Мая Санду.

Адзначым яшчэ некалькі намінацый.

Спецыяльны прыз «За ўклад у журналістыку» ўручаны аглядальніку аддзела палітычнай інфармацыі выдавецкага дома «Беларусь сегодня», прапагандысту Андрэю Мукавозчыку.

Сярод рэгіянальных і карпаратыўных медыя за найлепшыя матэрыялы культуралагічнай, гісторыка-краязнаўчай тэматыкі ўзнагародзілі часопіс «Міліцыя Беларусі» — за цыкл артыкулаў Мікалая Андрасюка.

Гран-пры конкурсу як найлепшыя творчыя праекты года атрымалі праект «Школьны дзённік» ляхавіцкай раёнкі і праект «За пячаткай памяці» (яго робіць БелТА, газета «7 дзён» і часопіс «Беларуская думка» сумесна з Генеральнай пракуратурай і Міністэрствам юстыцыі).

Чытайце таксама:

Новы сямейны падрад: Ялфімаў зацягнуў у прапаганду свайго сына, цяпер той выступае ў «Мінскай праўдзе». Выяўляецца, абодва яны расіяне

Азаронак стаў вядучым на салаўёўскім канале

Хто тая вядоўца БТ, што бярэ інтэрв'ю ў палітвязняў і просіць іх выбачацца ў эфіры

Nashaniva.com