Прыгожын заявіў аб вывадзе 99% наймітаў ПВК «Вагнер» з Бахмута. Ён сцвярджае, што Мінабароны РФ замініравала шляхі выхаду яго падраздзяленняў
Кіраўнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын заявіў пра фактычна поўны вывад наймітаў з захопленага Бахмута Данецкай вобласці Украіны. У сваім тэлеграм-канале ён сцвярджае, што шляхі адыходу з Бахмута замініравалі расійскія вайскоўцы.
02.06.2023 / 22:40
«На 2 чэрвеня практычна 99% падраздзяленняў ПВК «Вагнер» пакінулі Бахмут. Усе пазіцыі перададзеныя ў належным парадку Міністэрству абароны. Ніякіх пытанняў, заўваг няма», — паведаміў Прыгожын.
Паводле яго, з боку УСУ правакацый не было. Аднак «сюрпрызы чакалі з іншага боку».
«Незадоўга да нашага выхаду мы выявілі падазроную актыўнасць на шляхах нашага вылучэння. У рамках выяўлення гэтай падазронай актыўнасці мы выклікалі праваахоўныя органы і сталі даследаваць шляхі нашага выхаду ўздоўж дарог.
Мы выявілі каля дзясятка месцаў, дзе былі размешчаныя розныя выбуховыя прылады, пачынаючы ад сотняў процітанкавых мін і заканчваючы тонамі пластыду».
Прыгожын кажа, што вагнераўцы выклікалі «праваахоўныя органы», каб усё задакументаваць.
Ён сцвярджае, што «цяпер вядуцца разбіральніцтвы і расследаванні».
«Тыя, хто закладваў гэтыя зарады, былі прадстаўнікамі Міністэрства абароны. На пытанне, для чаго вы гэта рабілі, яны тыкаюць пальцам уверх. На пытанні пакуль не адказваюць. <…> Ніхто не пацярпеў.
Што гэта было? Мы мяркуем, што гэта была спроба публічнай лупцоўкі», — паведаміў Прыгожын.
Прыгожын абвясціў аб выхадзе ПВК «Вагнер» з Бахмута 25 мая. Ён абяцаў перабазіраваць наймітаў у тылавыя лагеры да 1 чэрвеня і перадаць пазіцыі рэгулярнай арміі. Аб поўным захопе Бахмута Прыгожын аб'явіў 20 мая.
Баі за Бахмут ішлі са жніўня 2022 года, у кастрычніку да іх далучылася ПВК «Вагнер».
Страты расійскіх войскаў там склалі забітымі і раненымі, паводле розных ацэнак, 60-100 тысяч чалавек.
Чытайце таксама:
«Пачвары смярдзючыя, вы што робіце?» Прыгожын накінуўся на Мінабароны Расіі
«Вагнераўцы» пасля адыходу з Бахмута перагрупаваліся ў трох месцах
Прыгожын заявіў, што Расія «абасралася», а «ўкраінцы адны з наймацнейшых у свеце»