Прэзідэнт Грузіі прапануе адпусціць Саакашвілі з электронным бранзалетам

Зурабішвілі кажа, што яе турбуе нанясенне шкоды іміджу Грузіі на Захадзе.

04.06.2023 / 09:46

Саакашвілі ў судзе. Май 2022 года. Скрын відэа

Грузінскі прэзідэнт Саламэ Зурабішвілі лічыць, што ўмовы ўтрымання Міхаіла Саакашвілі трэба змякчыць, адпусціўшы яго з электронным бранзалетам. Пра гэта Зурабішвілі сказала ў інтэрв'ю France 24.

На думку Зурабішвілі, Саакашвілі трэба забяспечыць добрае стаўленне — «такое, як абыходзяцца з многімі іншымі прэзідэнтамі ва ўсім свеце, якія былі прысуджаныя да турэмнага зняволення».

«Ёсць электронныя бранзалеты, пра якія мы ведаем, і іншыя формы, якія больш падыходзяць краіне, якая далучаецца да ЕС», — дадала яна.

Прэзідэнт Грузіі ўхілілася ад адказу на пытанне, ці падтрымлівае яна памілаванне Саакашвілі.

«Яны [заходнія дзяржавы] падкрэсліваюць шкоду, якую ўся гэтая сітуацыя наносіць іміджу Грузіі на Захадзе. Мяне гэта турбуе, і я шмат раблю, каб палегчыць гэтую сітуацыю. Але шкода была нанесена рашэннямі, прынятымі ўрадам, і амністыя насамрэч — не тое, што пакрые гэтую шкоду», — лічыць яна.

Экс-прэзідэнт Саакашвілі прыехаў у Грузію 1 кастрычніка 2021 года і адразу быў арыштаваны, апошнім часам стан яго здароўя значна пагоршаў.

Чытайце таксама:

«Гэта яго ўкраінскі працяг». Украінская дэпутатка заявіла, што нарадзіла ад Саакашвілі

Скура ды косці: Саакашвілі паказаў наступствы знаходжання пад вартай

Саакашвілі заявіў, што памірае

Прэзідэнт Грузіі: Саакашвілі не вызваляць нават з маім памілаваннем

Nashaniva.com