«Гэта яго ўкраінскі працяг». Украінская дэпутатка заявіла, што нарадзіла ад Саакашвілі
1 чэрвеня ў Дзень абароны дзяцей 32-гадовая дэпутатка Вярхоўнай Рады Лізавета Ясько абвясціла, што стала мамай. Бацька яе першынца — былы прэзідэнт Грузіі, 55-гадовы Міхеіл Саакашвілі, які больш за паўтара года знаходзіцца ў турме.
Свайму мацярынству Лізавета прысвяціла кранальны пост, у якім назвала дзіця ўкраінскімі каранямі і ўкраінскім працягам яго бацькі. Пол немаўляці Ясько не ўдакладніла, не паведаміла, калі менавіта адбыліся роды, піша «Украінская праўда».

«Ніколі не магла ўявіць, што маё дзіця народзіцца ў гэтых страшных рэаліях вайны для нашай краіны. У дзень пачатку лета большасць з нас не спалі апошнія дні. Мы не думаем пра лета. Мы думаем аб абароне нашых дзяцей. Дзяцей, якія, на жаль, не могуць мець бяспеку ў сваім доме праз поўнамаштабную агрэсію Расіі.
Ніколі сабе не магла ўявіць, што побач на волі і ў здароўі не будзе бацькі дзіцяці ў вельмі важныя моманты, у якія мы планавалі быць разам. Маё дзіця — мая любоў. Для бацькі наша дзіця — гэта яго ўкраінскія карані і ўкраінскі працяг, пра які ён марыў і так хацеў мець. Ён ганарыўся сваім пашпартам грамадзяніна Украіны.
Ніколі не думала, што нарадзіць дзіця падчас вайны — гэта папраўдзе страшна. Страшна і вельмі жудасна ад думак пра будучыню. Мы зусім па-іншаму ўсё ўяўлялі. Абставіны і рэальнасць былі зусім іншымі».

Пра раман тады яшчэ жанатага Саакашвілі з Ясько стала вядома ў лістападзе 2020-га. Пазней жонка экс-прэзідэнта Грузіі Сандра Рулафс заявіла, што яго здрада была для яе нечаканасцю.
У студзені 2022 года выявілася, што акрамя двух сыноў ад экс-жонкі ў Міхеіла ёсць яшчэ пазашлюбная дачка.
Саакашвілі знаходзіцца за кратамі з 1 кастрычніка 2021 года, з моманту тайнага вяртання ў Грузію напярэдадні мясцовых выбараў.

Каментары
Аднi пытаннi пра гэтую падзею