Італьянскі рэжысёр прыехаў у Мінск паставіць оперу, нягледзячы на палітычныя рэпрэсіі ў краіне
Прэм'ера «Севільскага цырульніка» ў Вялікім тэатры оперы і балета адбудзецца заўтра.
05.06.2023 / 15:47
Скрын сюжэта БТ
Паставіў оперу рэжысёр з Італіі Альда Тарабела і мастак Энрыка Мусеніч. Апошні быў адказны за сцэнаграфію і касцюмы.
Тарабела — оперны рэжысёр, педагог і кампазітар. У сваім рэзюмэ артыст пазначыў, што супрацоўнічаў з расійскім кінарэжысёрам Мікітам Міхалковым падчас працы над фільмам «Вочы чорныя» (1987).
Афіша пастаноўкі «Севільскі цырульнік». Фота: сайт Вялікага тэатра оперы і балета
Дамовіўся аб рабоце з італьянскім рэжысёрам дырыжор-пастаноўшчык Вялікага тэатра Уладзімір Авадок. Пра гэта ён расказаў у адным з інтэрв'ю дзяржаўным медыя.
Рэжысёр-пастаноўшчык Уладзімір Авадок. Фота: БелТА
«Нягледзячы на тое, што Вялікі тэатр Беларусі мае шырокі італьянскі рэпертуар, з італьянскімі рэжысёрамі мы яшчэ не супрацоўнічалі. Калі мастацкая рада і кіраўніцтва тэатра вызначыліся з назвай будучай пастаноўкі, мяне папрасілі звязацца з выдатнымі прадстаўнікамі італьянскай опернай музыкі. Яны, у сваю чаргу, параілі звярнуцца да Альда Тарабела, які на працягу 20 гадоў кіраваў тэатрам у Луцы. Па рэкамендацыі з'явіўся і мастак-пастаноўшчык Энрыка Мусеніч, які адказвае за сцэнаграфію і касцюмы», — падзяліўся ён.
Італьянскі рэжысёр прыехаў у Беларусь у красавіку і за шэсць дзён паспеў паставіць увесь музычны матэрыял. Пасля ён прыязджаў у Мінск у маі на рэпетыцыі.
Візіт Тарабела і яго працу ў Вялікім тэатры прапаганда падае як «культурную дыпламатыю насуперак жалезнай заслоне».
«Я сапраўды як пасол добрай волі, для мяне гэта вялікі гонар. Здзіўлены і нават шакаваны, якая тут арганізацыя і каманда. Слухаю салістаў і забываюся, што яны з Беларусі і Расіі: яны на адным узроўні з італьянскімі спевакамі. У іх цудоўнае вымаўленне», — казаў Альда Тарабела ў сюжэце БТ.
«Севільскага цырульніка» Тарабела ставіць ужо чацвёрты раз. Паказы оперы з удзелам італьянскага рэжысёра былі ў Мілане, Таронта і Сеуле.
Дырэктар у справе культурніцкай дыпламатыі Беларускай рады культуры Алесь Чахоўскі мяркуе, што «замежныя творцы могуць быць не ў курсе палітычнай сітуацыі ў Беларусі і тых перманентных рэпрэсій, да якіх Вялікі тэатр мае непасрэднае дачыненне».
«Хаця, шчыра кажучы, я не веру ў гэта, тут, хутчэй, спрацоўвае тэза «грошы не пахнуць», — кажа Аляксандр. — Для іх гэта «проста праца», а рэжым такое выкарыстоўвае на сваю карысць. Вялікі тэатр такім чынам дэманструе, якая ідзе міжнародная супраца. І ўвогуле цяпер там асноўныя госці — салісты і дырыжоры з Расіі, бо госці з іншых краін цалкам разумеюць, што выступ на сцэне Вялікага тэатра азначае згоду з усім тым жахам, што ёсць як у самім тэатры, так і ва ўсёй сферы культуры ў Беларусі».
Прадстаўніца народнай амбасады Беларусі ў Італіі Юлія Юхно дасылала Альда Тарабела некалькі лістоў, у якіх тлумачыла, што цяпер адбываецца ў Беларусі, але адказу на іх не атрымала.
«Спрабавала сустрэцца з ім, але таксама не атрымалася, — кажа яна. — Цяпер рыхтую матэрыял, які буду дасылаць у мясцовыя італьянскія медыя. 21 чэрвеня будзе сустрэча на абласным узроўні па тэме Беларусі, там планую таксама расказаць пра гэты выпадак.
Не ведаю, ці гэта яго асабістая пазіцыя, але яму 75 гадоў, магчыма, ён ужо не ў палітыцы.
Ведаеце, у Італіі шмат беларусаў, і ёсць тыя, якія падтрымліваюць Пуціна. Тых, хто жыве ў Італіі і разумее, што тут і як адбываецца, гэтая сітуацыя не здзіўляе. І пра Беларусь тут сапраўды мала інфармацыі. Ён папраўдзе можа не ведаць таго, што ў нас у краіне адбываецца».
«Наша Ніва» таксама скіравала італьянскаму рэжысёру Альда Тарабела ліст на электронную пошту з просьбай пракаментаваць, чаму ён вырашыў прыняць запрашэнне Вялікага тэатра Беларусі, але адказу ад яго на момант публікацыі не атрымала.
З лета 2020 года больш за 1000 дзеячаў беларускай культуры сутыкнуліся з рэпрэсіямі, мінімум 90 чалавек у гэты момант знаходзяцца за кратамі.
Такую статыстыку прыводзіць Беларуская рада культуры.
Са жніўня 2020 года з Вялікага тэатра былі звольненыя «за палітыку» знакавыя артысты і музыкі: саліст оперы Ілья Сільчукоў, галоўны канцэртмайстар Рэгіна Саркісава, галоўны дырыжор Вячаслаў Воліч, дырыжор Андрэй Галанаў, скрыпачка Ала Джыган, альтыстка Аляксандра Пацеміна.
Чытайце таксама:
Вядомы літоўскі тэнар выступіў у Мінску і выклікаў скандал
Літоўскі спявак прынёс прабачэнні за выступленне ў Беларусі
У Музеі вольнай Беларусі прэзентуюць інсталяцыю «1525» пра беларускіх палітвязняў
У Ляйпцыгу паставілі балет пры дапамозе штучнага інтэлекту. Упершыню ў свеце