Саша Філіпенка: Людзі, якія ўсё жыццё займаюцца мастацтвам кампрамісу, гуляюць заведама прайграную партыю

Пра кнігу «Крэмулятар», метады рэпрэсій у СССР і ў сучаснай Беларусі, кампрамісы з сумленнем і сучасных памагатых рэжыму пісьменнік распавёў у інтэрв'ю ютуб-каналу «А поговорить?». 

12.06.2023 / 13:44

Пісьменнік Саша Філіпенка марыць вярнуцца ў свабодны Мінск. Скрын відэа ютуб-канала «А поговорить?»

Новы раман і яго галоўны герой

Раман «Крэмулятар» (выйшаў у 2022-м) — дакладная метафара савецкага рэжыму, які перамолваў мільёны чалавечых лёсаў. Апошнюю кропку для шмат каго з іх ставіў Пётр Несцярэнка — галоўны герой рамана. Гэта рэальны чалавек, які ўзначальваў маскоўскі крэматорый з моманту яго адкрыцця ў 1927 годзе. Крэматорый размяшчаўся на Данскіх могілках Масквы. Днём любы чалавек мог звярнуцца да паслуг крэматорыя. А начамі па распараджэнні адпаведных органаў у ім спальвалі расстраляных «ворагаў народу», попел якіх потым змяўчалі ў агульную магілу. Кім быў Несцярэнка — саўдзельнікам злачынстваў ці ахвярай сістэмы?

Крэмулятар — прылада, якая дацірае астанкі, што застаюцца пасля крэмацыі чалавека да пылу. На погляд Філіпенкі, гэта добрая метафара таго, што адбываецца з чалавекам у савецкай прасторы ў ХХ стагоддзі.

Галоўны герой рамана да савецкай улады быў заўзятым апазіцыянерам. У 1908 годзе ён скончыў Адэскае юнкерскае вучылішча. Зрабіў хуткую карʼеру. У кастрычніку 1917 годзе ўдзельнічаў у абароне Гатчыны ад бальшавікоў. Затым быў эвакуяваны ва Украіну. Там ён працаваў на Цэнтральную раду. У 1918 годзе Несцярэнка далучыўся да Дзянікіна.

У 1920 годзе, як большасць белых афіцэраў, пакінуў Расію. Ён жыў у Сербіі, Грэцыі, Польшчы, Францыі, працаваў кім давядзецца, пакуль аднойчы не зразумеў, што стаміўся і хоча вярнуцца на радзіму. Праўда, для пачатку яму давялося прысягнуць гэтай радзіме і таемна папрацаваць на былых ворагаў. Ён быў завербаваны і павінен быў паведамляць аб жыцці расіянаў за мяжою.

Па вяртанні ў Расію ён працаваў дырэктарам маскоўскага крэматорыя да свайго арышту 23 чэрвеня 1941 года за здраду радзіме. Амаль праз год Несцярэнка быў расстраляны. У архівах захавалася яго асабістая справа, якая і дапамагла пісьменніку ў напісанні кнігі.

«Я думаю, што герой бярэ ўдзел у тым, у чым мог бы не ўдзельнічаць. Ён займаецца заціраннем слядоў злачынстваў. І таму, безумоўна, саўдзельнік іх. Перад табою стаіць выбар. Ты можаш не ўдзельнічаць у гэтым. Далей будуць нейкія наступствы. Ты будзеш за нешта адказваць. І гэта можа пагражаць табе тым, што ты згубіш жыццё. Але, як мы ведаем па гісторыі з Несцярэнкам, яго гэта не выратоўвае. Ён безумоўна ўбудаваны ў сістэму і безумоўна зʼяўляецца саўдзельнікам»,

— заўважае аўтар пра свайго героя.

У той жа час Філіпенка лічыць, што ў Несцярэнкі не было асаблівага выбару. «Мы разумеем, што за ім вялікі груз таго, што ён быў у эміграцыі, быў белым афіцэрам і таму ён пагаджаецца на любую работу. А потым яна аказваецца асаблівай. У цябе пачынаецца нейкі новы лёс, новае жыццё. І вось плата за новае жыццё — ты павінен як бы падціраць сляды злачынстваў».

Аўтар адзначае, што яму вельмі хацелася паказаць, што часам ты не заўважаеш моманту, калі ўжо ўсё прайграна. На думку Філіпенкі, галоўнаму герою ўвесь час здаецца, што ён выбірае правільныя рашэнні. Ён такі флюгер, хамелеон.

«Мне хацелася паказаць, што ХХ стагоддзе ўвесь час прымушае прымаць нейкія рашэнні. І табе здаецца, што ты прымаеш правільнае рашэнне, але цябе кожны раз падманваюць. Яму здаецца, што ён правільна робіць, што вяртаецца. А ў выніку ўсё роўна яму не атрымліваецца перайграць».

Філіпенка мяркуе, што людзі, якія ўсё жыццё займаюцца мастацтвам кампрамісу, гуляюць заведама прайграную партыю.

«Ты заўсёды ў канцы канцоў прайграеш», — адзначае пісьменнік.

Паралелі з сучаснай Беларуссю

«Мы бачым на прыкладзе Беларусі, што людзі вяртаюцца, іх затрымліваюць. Яны не спраўляюцца з тугою па радзіме, не могуць пачаць жыць за мяжою і вяртаюцца. Ёсць людзі, якія не адчуваюць небяспекі, ці ім падаецца, што іх «пранясе», і яны вяртаюцца. 

Так і ў выпадку з Несцярэнкам. Ён быў белым афіцэрам, лётчыкам, а за мяжою працуе таксістам. Ён вымушаны быць нікім. У яго няма грошай, ён павінен пастаянна бадзяцца, мяняць працу, гарады. І ён вяртаецца. Я думаю, што вялікая колькасць людзей вяртаецца, таму што адчувае, што гэта ўсё роўна твой дом»,

— выказвае свой погляд Саша Філіпенка.

Асобнай праблемай, якую раскрывае аўтар, зʼяўляецца сама сістэма рэпрэсій, з яе карнікамі і ахвярамі.

Філіпенка заўважае, што тыя, хто займаецца рэпрэсіямі ў сучаснай Беларусі, не могуць параўнацца з карнікамі 1930-х гадоў, бо не забівалі столькі людзей.

«Яны маглі, зразумела, гэтым займацца. Напрыклад, людзі, якія ў Беларусі ў ГУБАЗіК. Гэта зусім пазбаўленыя розуму людзі. Гэта набор садыстаў. Каб у іх была магчымасць расстрэльваць сотнямі тысяч, яны б расстрэльвалі. Дай ім магчымасць пабудаваць канцэнтрацыйны лагер — яны пабудуюць. Беларусь цяпер проста вялікі канцлагер», — мяркуе Філіпенка.

Яшчэ адзін аспект для параўнання — даносы. Філіпенка згадвае, што ў 2020 годзе гэтая зʼява была распаўсюджанай у Беларусі. Людзі званілі ў міліцыю і паведамлялі аб пратэстоўцах і іншай актыўнасці.

«На мяне мой дзед «настукаў». Мая бабуля развялася з дзядулем, калі маёй маме было 12 гадоў. Аддала яго сяброўцы ў суседні падʼезд. Я ведаў, што ў мяне ёсць дзед. Я памятаю яго ў дзяцінстве. Але потым ён знік з майго жыцця. У 2020-м зʼявіўся каментар пад адным з маіх тэкстаў у інтэрнэце. У ім мяне абазвалі фашыстам і здраднікам. І стаяў подпіс «твой дзед». Прапаганда гэта падхапіла».

У той жа час Філіпенка лічыць, што яго выпадак — адзін з нешматлікіх сямейных гісторый, калі родныя даносілі на сваіх блізкіх. На яго думку, пратэст у Беларусі абʼяднаў грамадства. Яно было дастаткова маналітным.

«Гэтыя людзі спрабуюць змагацца з часам, спрабуючы ўсё развярнуць у мінулае»

Аўтар заўважае, што такія людзі, як Пуцін і Лукашэнка, разумеюць, што для іх няма месца ў будучыні.

«Лукашэнка не будзе чытаць лекцыі пасля таго, як перастане быць прэзідэнтам. Для яго адзіны шлях у Гаагу. Гэтыя людзі, як выміраючы від дыназаўраў, змагаюцца за сваё выжыванне. Яны разумеюць, што ў новай краіне непатрэбная такая вялікая колькасць сілавікоў. Гэтыя людзі спрабуюць змагацца з часам, спрабуючы ўсё развярнуць у мінулае. Яны хочуць туды, бо разумеюць правілы гульні там. Лукашэнка не разумее, як дзейнічаць з новым грамадствам».

Адносна Лукашэнкі пісьменнік заўважае, што ён ніколі не выйграваў выбары нейкімі новымі спосабамі. І ў 2020 годзе Лукашэнка не зрабіў нічога новага. Ён збіраўся выйграць роўна гэтак, як выйграваў усе папярэднія выбары ў Беларусі.

«І раптам нешта зламалася. Вырасла пакаленне людзей, якія нягледзячы на тое, што жылі ў дыктатуры, навучыліся выбіраць паміж «Адыдасам» і «Найкам», «Колай» і «Пэпсі», сталі як ніколі свабоднымі. Яны шмат падарожнічалі, мелі шэнгенсікя візы, вучыліся за мяжою. Было такое свабоднае грамадства ўнутры дыктатуры».

«Мы жывем у вегетарыянскі час»

Філіпенка лічыць, што калі параўноўваць часы «вялікага тэрору» у СССР і тое, што адбываецца цяпер, то можна сказаць, што мы жывем «у вегетарыянскі час». Але нельга забаывацца, што з таго часу прайшло амаль стагоддзе.

«Сёння адбываюцца страшныя рэчы. Мы бачым, што ні ў Беларусі, ні ў Расіі чалавечае жыццё нічога не каштуе. Людзі працягваюць прападаць, людзей працягваюць забіваць. Кожны дзень адбываюцца затрыманні. У Беларусі засталося смяротнае пакаранне. Палітычных апанентаў Лукашэнкі перасталі забіваць не таму, што ён стаў вегетарыянцам. Проста ён пачаў іх прадаваць, абменьваць на санкцыі».

Пісьменнік лічыць, што ў тым, што Захад перастаў гуляць па сцэнарыю Лукашэнкі і выкупляць арыштаваных, вялікая заслуга Офіса Святланы Ціханоўскай, журналістаў, усіх тых, хто доўга тлумачыў, чаму нельга гэтага рабіць. «Гэта бясконцая гульня. Як толькі нейкага выкупаюць, на яго месца садзяць іншага».

Філіпенка гаворыць аб важнасці разумення таго, што рэпрэсіі ў сучаснай Беларусі закранулі абсалютна ўсіх.

«У мяне чат з сябрамі, які мы стварылі, калі хадзілі на пратэсты. У ім было сем маіх бліжэйшых сяброў. Цяпер шэсць чалавек з яго пакінулі краіну. Яны прайшлі праз затрыманні. Усе мае сябры, што засталіся ў Беларусі, чакаюць, што за імі прыйдуць. І гэты страх неабходна разарваць. Бо гэта страх, які перадаецца з малаком маці».

У канцы размовы Філіпенка адзначае, што ён хацеў бы вярнуцца ў свабодны Мінск. Яму б хацелася, каб там у яго зʼявіўся дом, і менавіта Мінск стаў тым месцам, адкуль пісьменнік адпраўляўся б у паездкі па свеце з прэзентацыяй сваіх кніг. 

«Я не ведаю, якім будзе гэты горад. Мне хочацца верыць, што гэта будзе свабодны горад, у якім людзі будуць прымаць рашэнні і не будуць ведаць імя свайго прэзідэнта, бо ў ідэале гэта будзе парламенцкая рэспубліка. І я не буду сумаваць па цэнзуры».

Чытайце яшчэ:

У Вільні адбылася сустрэча з пісьменнікам Сашам Філіпенкам

«Крэмулятар» Сашы Філіпенкі пераклалі на нямецкую мову

Пісьменнік Саша Філіпенка выставіў на аўкцыён свае расійскія літаратурныя ўзнагароды

Пісьменнік Саша Філіпенка: Замест халівараў параіў бы беларусам проста ад'я**цца адно ад аднаго

Антось Жупран