На пастаўках алкагольнага напою Aperol зарабляе Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі

Пастаўкамі ў Беларусь італьянскага алкагольнага напою Aperol, які ў нашай краіне не прадавалі амаль пяць гадоў, займаецца «Беларусьгандаль», як высветліў БРЦ. Эксклюзіўнае права прадаваць напой атрымала сетка WINE & SPIRITS.

14.06.2023 / 15:06

Фота: pixabay.com

«Ён эксклюзіўна прадаецца ў сетцы нашых магазінаў у аб'ёме 0,7 і літр. 0,7 — 46,9 рубля, літр — 64,9 рубля. Забаронена было з 2017 года. А цяпер на рынку Беларусі мы адзіныя пастаўшчыкі. Хутчэй за ўсё, з наступнага месяца ён будзе даступны ў прынцыпе ўсюды ў розніцы. Але пакуль эксклюзіўна ў нашых крамах», — расказалі журналістам-расследавальнікам у адной з крамаў сеткі.

Італьянскі бітэр знік з паліц беларускіх крам у 2017 годзе, паколькі ў ім утрымліваўся забаронены сінтэтычны фарбавальнік E110, пісалі медыя.

Цяпер у беларускім рэестры небяспечнай прадукцыі Дзяржстандарту згадак аб забароне Aperol журналісты не знайшлі.

Фарбавальнік, як высветліў БРЦ, усё яшчэ прысутнічае ў складзе Aperol. Гэта паказваецца і на этыкетцы напою. Пры гэтым да іншых тавараў, дзе ўтрымліваецца Е110, у Дзяржстандарту з'яўляюцца пытанні, напрыклад да арахісу, воцату або цукерак.

Журналісту БРЦ у ведамстве не змаглі патлумачыць, чаму напой зноў з'явіўся ў продажы.

На этыкетцы Aperol згадваецца, што алкаголь у Беларусь пастаўляе «Беларусьгандаль». Кампанія належыць Кіраўніцтву справамі Лукашэнкі, якое да 2021 года ўзначальваў паплечнік Лукашэнкі Віктар Шэйман. Сваю прадукцыю кампанія ў тым ліку прадае розным дзяржструктурам — ад школ да вайсковых частак.

Агульная сума атрыманых «Беларусьгандлем» дзяржкантрактаў за тры гады з лішнім перавысіла 2 млн беларускіх рублёў.

Чытайце таксама:

Хто мог зарабіць мільёны на міграцыйным крызісе на мяжы Беларусі і ЕС?

Мінабароны Беларусі выдзеліла рэкордныя 3,1 млн рублёў на закуп беспілотнікаў «Суперкам». Такія ж мадэлі Расея выкарыстоўвала ва Украіне

Як беларускія клінеры зарабілі дзясяткі мільёнаў еўра ў Беларусі, Расеі і Украіне і за што іх судзяць у Латвіі

Nashaniva.com