Хто мог зарабіць мільёны на міграцыйным крызісе на мяжы Беларусі і ЕС?
На мяжы Беларусі з ЕС наспявае новы міграцыйны крызіс. На гэты раз — пры садзейнічанні Расіі. За кожны выдаткаваны на перапраўку мігрантаў мільён даляраў арганізатары схемы атрымліваюць больш за $5,5 млн чыстага прыбытку.
У 2021 годзе, у разгар першага крызісу, патокі нелегальнай міграцыі кантралявалі беларускія ўлады, як піша ў расследаванні Беларускі расследавальніцкі цэнтр. Яны надзялілі 12 фірмаў эксклюзіўным правам на выдачу запрашэнняў для афармлення беларускіх віз грамадзянам краін Блізкага Усходу. Пяць з іх зарэгістраваныя на былых супрацоўнікаў органаў або на блізкіх і сваякоў сілавікоў.
Арыфметыка нелегальнай міграцыі
У канцы сакавіка 2023 года сітуацыя на мяжы Беларусі і краін ЕС зноў абвастрылася. Каля сотні спробаў яе незаконнага перасячэння фіксуюцца штодня, як паведамляюць польскія памежнікі. Часцяком канчатковая мэта мігрантаў — Германія. Міністры ўнутраных спраў земляў Брандэнбурга і Саксоніі запатрабавалі ўвесці стацыянарны кантроль на мяжы з Польшчай і Чэхіяй, каб спыніць іх паток. У асноўным гэта грамадзяне Афганістана, Сірыі, Емена і Турцыі. Спачатку мігранты прылятаюць у Расію, адтуль адпраўляюцца ў Мінск ці Брэст, затым — да беларуска-польскай мяжы. Плот вышынёй пяць з паловай метра, пабудаваны летась, яны пералазяць з дапамогай лесвіц, папярэдне пераканаўшыся, што паблізу няма польскіх памежнікаў. Затым ідуць у лес на некалькі кіламетраў, дзе іх падбіраюць загадзя нанятыя кіроўцы і вязуць у Германію.
Падпрацаваць такім шафёрам можа любы ахвотны. Аб'явы размяшчаюць у адкрытых тэлеграм-супольнасцях праз ананімныя акаўнты. Журналісты БРЦ адгукнуліся на адну з такіх прапаноў і патрапілі ў чат, дзе размяшчаюцца заказы на перавозку мігрантаў.
За красавік яны налічылі больш за 1400 заказаў. Тады за транспарціроўку аднаго чалавека прапаноўвалі ў сярэднім $650. Гэта значыць, за месяц арганізатары нелегальных перавозак маглі заплаціць кіроўцам прыкладна $1 млн.
Прыкладна столькі ж, па падліках БРЦ, яны патрацілі на авіябілеты ў Маскву з Афганістана, Ірана і Турцыі, а таксама дастаўку мігрантаў да беларуска-польскай мяжы. Гэта значыць, каардынатары гэтага патоку выдаткавалі за месяц каля $2 млн. Каб ацаніць іх даходы, журналісты БРЦ пагаварылі з некалькімі мігрантамі, якія карысталіся гэтай схемай. У сярэднім на шлях да Германіі са сваіх краін кожны плаціў $9,5 тыс.
Як высветліў БРЦ, за месяц арганізатары незаконных перавозак маглі даставіць у Германію 1400 чалавек. Гэта прынесла б ім прыкладна $13,5 млн. Пасля выліку $2 млн на квіткі для мігрантаў і ганарары кіроўцам у іх засталося амаль $11,5 млн чыстага прыбытку.
БРЦ невядома, хто каардынуе цяперашнюю хвалю міграцыйнага крызісу. Аднак расследавальнікі высветлілі, хто стаяў ля яго вытокаў два гады таму. Для гэтага яны вывучылі запісы праслухоўкі беларускіх сілавікоў, якую ім далі «Кіберпартызаны».
Ад дзяржаўнага злачынства да прыватнага
Калі ў 2021-м пачаўся міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі з ЕС, запрашэнні ў Беларусь мігрантам выдавалі дзяржаўныя кампаніі.
5 мая 2021 года былы супрацоўнік упраўлення МУС па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Дзмітрый Корабаў ад імя кампаніі «Аскартур» заключыў дамову з фірмай «Цэнтркурорт», якая ўваходзіць ва ўпраўленне справамі Лукашэнкі. Прадмет пагаднення — супрацоўніцтва ў галіне міжнароднага турызму паміж краінамі арабскага свету і Беларуссю.
Ужо праз 5 дзён, 10 мая, прамы рэйс у Мінск адкрыла авіякампанія Fly Baghdad, і ў Беларусь пачалі з'язджацца «турысты» з Блізкага Усходу. Многія прыляталі па запрашэнні «Цэнтркурорта». БРЦ атрымаў хадайніцтвы за травень — чэрвень 2021 года, якія кампанія сотнямі адпраўляла ў беларускае МЗС для выдачы віз грамадзянам краін Блізкага Усходу.
Большасць «турыстаў» прыязджалі ў Мінск нібыта для палявання ў рэспубліканскім аб'яднанні «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў». Па рэкамендацыі Савета Міністраў яго старшынёй у канцы кастрычніка 2021 года стаў экс-міністр МУС Ігар Шуневіч.
Размяшчаліся іракскія «паляўнічыя» ў гасцініцах Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі.
Пасля таго як інфармацыя пра гэта трапіла ў медыя, схема змянілася: запрашэнні ў Беларусь пачалі выдаваць не звязаныя з Лукашэнкам структуры, а прыватныя кампаніі.
Такое права атрымалі 12 фірмаў — іх пералік апублікавала амбасада Беларусі ў Дамаску. БРЦ прааналізаваў спіс уладальнікаў і кіраўнікоў кампаній. Большасць з іх звязаныя з сілавымі ведамствамі: пагранічны камітэт, МУС, армія.
У вайсковай форме пад прыкрыццём турфірмы
У спіс 12 манапалістаў беларускія ўлады ўключылі фірму «Нью флэт». На той момант яна належала Ірыне Равенцы — жонцы міліцыянта.
Куды больш важную пасаду займае яго брат, Валерый Равенка. З сакавіка 2022 года ён начальнік Дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва і памочнік міністра абароны па пытаннях міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва. Да павышэння Валерый працаваў у тым жа Дэпартаменце на пасадзе намесніка начальніка.
У снежні 2021-га, калі міграцыйны крызіс урэгулявалі, Ірына Равенка прадала «Нью Флэт» Наталлі Шнітоўскай.
Яе муж працуе камандзірам узвода роты патрульна-паставой службы міліцыі ГУУС Мінгарвыканкама.
З сацыяльных сетак Шнітаўскай БРЦ даведаўся, што яна таварышуе з уладальніцай іншай фірмы са спіса ўпаўнаважаных на выдачу беларускіх віз іракцам. Гаворка пра кампанію «Нью віза» і яе кіраўніцу Марыну Бабовік. Цяпер яна, хутчэй за ўсё, у разводзе, таму што ў новых бізнэсах выкарыстоўвае дзявочае прозвішча Адамчук.
Разам са Шнітоўскай яны з 2022 года напалову валодаюць турфірмай у Смаленску.
У тым жа годзе жанчыны разам адпачывалі на Тэнэрыфэ.
Яшчэ адна турфірма, якая выдавала іракцам візы, — «Ксаман Трэвел». Яе саўладальніца Вольга Шарак была замужам за Дзмітрыем Шараком.
Ён служыў па кантракце ў вайсковай часці 30151 у Фаніпалі.
Гэтая часць — пункт пастаяннай дыслакацыі штаба 15-й зенітнай ракетнай брыгады Паўночна-Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання ВПС і войскаў СПА. Дзмітрый працуе ў Ваеннай акадэміі. Да 2022 года даслужыўся да звання падпалкоўніка і ў Ваеннай акадэміі займае пасаду начальніка кафедры аўтаматызаваных сістэм кіравання войскамі факультэта сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання.
У прывілеяваным спісе апынулася кампанія «Візак» пад кіраваннем іракца Шарвані Гараха Абаса Куртаса.
У Беларусь яго запрасіў Аляксандр Паюкоў — кіраўнік фірмы «Байлінг тур». Яна таксама ўваходзіла ў лік 12 манапалістаў міграцыйнага трафіку.
Паюкоў — былы памежнік, афіцэр вайсковай часці 1250.
У медыя паведамлялася, што якраз там праходзіў тэрміновую службу Віктар Лукашэнка. У той жа часці базуецца памежны спецназ. У 2001 годзе Паюкова ўзнагародзілі медалём «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай мяжы» па асабістым указе Лукашэнкі. БРЦ мяркуе, што ён каардынаваў патокі незаконнай міграцыі 10 гадоў таму.
У 2012 годзе суд у польскім Любліне завёў крымінальную справу ў дачыненні да 47-гадовага маёра ГПК Беларусі Аляксандра П. Столькі ж гадоў тады было Аляксандру Паюкову, супрацоўніку памежнай службы РБ. Аляксандра П. падазравалі ў перапраўцы праз беларуска-польскую мяжу каля 1,3 тыс. мігрантаў пераважна з Азіі. Польскія следчыя высветлілі, што ён уваходзіў у склад арганізаванай злачыннай групы, якая дзейнічала на працягу 8 гадоў. Мігранты плацілі каардынатарам за дастаўку на тэрыторыю ЕС з В'етнама $5 тысяч, з Кітая — €6 тысяч.
Паводле паведамленняў у медыя, падазраванага ў арганізацыі гэтай схемы беларускага памежніка Аляксандра П. затрымалі пры ўездзе ў Польшчу ў сакавіку 2011 года. Ад «Кіберпартызан» БРЦ даведаўся, што Аляксандр Паюкоў 15 сакавіка 2011 года якраз адправіўся з Беларусі ў Польшчу праз брэсцкі пункт пропуску. Брэст — найбліжэйшы буйны беларускі горад да Любліна, у судзе якога разглядалі крымінальную справу Аляксандра П.
У тэлефоннай размове з БРЦ Аляксандр Паюкоў не змог выразна растлумачыць прыроду гэтых супадзенняў або абвергнуць іх.
У кіраўнікоў кампаніі «Алірці» сувязяў з сілавымі структурамі БРЦ не знайшоў, аднак фігуры яе кіраўнікоў не менш цікавыя. Бізнэс запісаны на Ірыну Цівунову і яе дачка Дар'ю.
У 2011 годзе Ірыну асудзілі па крымінальным артыкуле — ухіленне ад пагашэння крэдыторскай запазычанасці ў буйным памеры. Дар'я ж працавала на пракрамлёўскіх тэлеканалах «Расія 1» і «НТВ». Бацька сямейства Алег Цівуноў — заслужаны артыст Беларусі. У 2015 ён выступаў у самаабвешчанай «ДНР».
У ліку 12 візавых манапалістаў ёсць і кампанія «Прэстыж Трэвел». Да жніўня 2021-га ёй кіравала Дар'я Тэса.
У яе ёсць судзімасці за арганізацыю незаконнага ўезду ў Беларусь замежных грамадзян, падробку хадайніцтваў на выдачу віз і фальсіфікацыю дагавораў аб аказанні турыстычных паслуг.
З лістапада 2021 года, калі ЕС і ЗША абвясцілі аб падрыхтоўцы новага пакета санкцый супраць Беларусі, усе фірмы са спіса 12 манапалістаў прыпынілі дзейнасць. Пра гэта БРЦ расказалі ўладальнікі дзвюх кампаній. Расследавальнікі спрабавалі звязацца з астатнімі фірмамі, аднак гэтыя званкі засталіся без адказу. Ад блізкага да Дзмітрыя Корабава чалавека журналісты БРЦ даведаліся, што з лютага 2023 года ён знаходзіцца пад следствам у мінскім СІЗА №1 за арганізацыю незаконнай міграцыі праз кампанію «Аскартур».
Рэальны кошт правакацыі
Цяпер незадакументаваныя мігранты трапляюць у Беларусь не наўпрост са сваіх краін, а праз Расію. Гэтая плынь узмацнілася летась — пасля таго, як Масква скасавала кавідныя абмежаванні на авіярэйсы з Блізкага Усходу.
Да мая 2023-га польскія памежнікі знайшлі на мяжы з Беларуссю 26 ахвяр міграцыйнага крызісу. Паводле ацэнак журналістаў і актывістаў, рэальная лічба — 45 загінулых па абодва бакі беларуска-польскай мяжы.
Каментары