Аляксандр Лукашэнка расказаў пра ролю свайго сына Мікалая ў арганізацыі перамоваў Расіі і Украіны. Вось чаму да гэтага трэба ставіцца сур'ёзна
У інтэрв'ю Аляксандра Лукашэнкі Вользе Скабеевай прагучала цікавая гісторыя пра Колю Лукашэнку. Чаму на яе варта звярнуць увагу, піша Васіль Гарбацюк.
15.06.2023 / 00:23
Аляксандр Лукашэнка. Скрыншот з відэа
Паводле слоў Лукашэнкі, немалую ролю ў арганізацыі перамоваў паміж Расіяй і Украінай у сакавіку 2022 года адыграў яго малодшы сын Мікалай, які «дапамог арганізаваць тэлефонную размову з Уладзімірам Зяленскім». Нібыта пасля доўгай гутаркі прэзідэнт Украіны пагадзіўся правесці перамовы з расійскім бокам на тэрыторыі Беларусі.
Лукашэнка між словаў сказаў, што Мікалай цяпер вучыцца ў Пекінскім універсітэце, але да гэтага часу падштурхоўвае да арганізацыі перамоў. «Кажу: я разумею, але ты яшчэ не ўсё разумееш», — адзначыў Лукашэнка.
Многія могуць прыняць гэты пасаж за такі ж казачны, як многія іншыя ў нядаўніх выказваннях Лукашэнкі. У тым самым інтэрв'ю Аляксандр Лукашэнка кажа, што граніца Беларусі з Польшчай, Літвой і Латвіяй гэта 2500 кіламетраў, хоць яна складае 1250 кіламетраў, роўна ўдвая менш.
У іншым моманце Лукашэнка кажа, што насельніцтва Беларусі складае 13 мільёнаў чалавек, хоць яно ўсяго толькі 9 мільёнаў і за час ягонага кіравання скарацілася на 1,2 мільёна чалавек.
У трэцім месцы Аляксандр Лукашэнка заявіў, што страты ўкраінцаў за час контрнаступу склалі 120-150 тысяч чалавек забітымі і параненымі, прытым што Мінабароны Расіі ў той жа дзень назвала лічбу 7500, а ведамства Шайгу схільнае моцна перабольшваць — і гэта яшчэ слаба сказана, што моцна, іх лавілі на перабольшванні ў дзясяткі і сотні разоў, адна гісторыя са знішчанымі «Хаймарсамі» чаго вартая.
Хлусіць лёгка, калі за абвяржэнне хлусні тваім суграмадзянам пагражаюць турэмныя тэрміны.
Аднак да згадак пра Колю я б ставіўся крайне сур'ёзна. Калі Мікалай у 18 гадоў арганізаваў перамовы Пуціна і Зяленскага, то ўяўляеце, на што ён будзе здольны ў 26 ці 31 год, пасля таго як атрымае кітайскую адукацыю?
Згадка пра міратворчую місію Мікалая — гэта чарговы сігнал, што Аляксандр Лукашэнка ўсур'ёз мае намер перадаць уладу свайму малодшаму сыну. Цяжка сказаць, калі, у 2030 ці 2035 годзе, але Мікалаю. Таму Мікалай, хоць ужо даўно не дзіця, па-ранейшаму суправаджае тату ў візітах і на самых важных сустрэчах, у тым ліку ў святая святых — Крамлі. Таму ўзялася і гэтая згадка.
Чытайце таксама:
Паліна Шуба вяртаецца ў абойму
Медалі на чэмпіянаце Беларусі па хакеі ўручаў Мікалай Лукашэнка
Па слядах Лукашэнкі. Кім Чэн Ын цяпер усюды бярэ з сабой дачку ФОТА