Нямеччына дорыць кожнаму на паўналецце па 200 еўра. Нават мігрантам

Калі падчас пандэміі нямецкія ўлады ўгаворвалі моладзь сядзець дома, то зараз стымулююць выйсці ў свет. 18-гадовым пачалі раздаваць грошы на афлайнавыя забавы. Як дзейнічае сістэма?

15.06.2023 / 07:58

Нямецкая моладзь. Фота: AP 

Распаўсюджана думка, што ад пандэміі каранавіруса ў Нямеччыне больш за ўсё пацярпелі маладыя людзі і работнікі культуры. Школьнікі і студэнты былі фактычна на паўтара-два гады пазбаўленыя вечарынак, камунікацыі з аднагодкамі і, мабыць, нармальнай адукацыі (школы зачыняліся на працяглыя тэрміны), піша Deutsche Welle.

А закрытыя на тыя ж паўтара-два гады тэатры, кінатэатры, канцэртныя залы дагэтуль не могуць вярнуцца да дапандэмійнага ўзроўню запаўнення залаў, не кажучы ўжо пра тое, што многія артысты фактычна былі пазбаўленыя магчымасці займацца любімай справай.

Прыйшоў час вяртаць даўгі. Улады Нямеччыны вырашылі, што адным ударам можна забіць двух зайцоў: выдзеліць бюджэтныя грошы на тое, каб нямецкая моладзь вярнула сабе згублены навык «выходзіць у свет», а заадно дапамагчы культуры.

Праект «Культурны пашпарт» (Kulturpass), які быў анансаваны восенню 2022 года, пачаў працу ў сераду.

Каму і на што прызначаны грошы?

Усе жыхары Нямеччыны, якім у 2023 годзе спаўняецца 18 гадоў (грамадзянінам краіны быць не абавязкова) атрымаюць па 200 еўра, якія з дапамогай спецыяльнага дадатку можна патраціць на культурныя забавы (квіткі ў кіно, на канцэрты, у тэатры і музеі), а таксама, напрыклад, на кнігі ці музычныя інструменты.

Важна, што ўрад такім чынам субсідуе лакальныя культурныя ўстановы мясцовага, рэгіянальнага значэння, а не буйных культурных гульцоў.

Яшчэ адно абмежаванне — забарона на віртуальнасць. Пакупкі павінны быць зробленыя (ці хаця б забраныя) афлайн.

Нельга траціць гэтыя грошы на Amazon або Spotify — замоўленую кнігу або музычны інструмент прыйдзецца асабіста забраць у невялікай мясцовай кнігарні.

Нельга паглядзець фільм у стрымінгу — неабходна нагамі прыйсці ў суседні кінатэатр.

Калі падчас пандэміі нямецкія ўлады ўгаворвалі моладзь сядзець дома, то цяпер стымулююць выйсці на вуліцу.

Прыйдзецца пачакаць да 18-ці

Усяго, паводле падлікаў, так званым «культурным пашпартам», на які выдзяляецца па 200 еўра, могуць скарыстацца 750 тысяч жыхароў Нямеччыны, якія адзначаюць сёлета паўналецце. Прычым грошы выдзяляюцца толькі ў момант, калі спаўняецца 18 — калі дзень нараджэння будзе ў снежні, то чакаць трэба да снежня. Спяшацца не прыйдзецца: грошы можна патраціць на працягу двух гадоў.

Усяго нямецкія ўлады выдзелілі на праект 100 мільёнаў еўра — гэтых грошай хопіць прыкладна на 60 працэнтаў ад 750 тысяч 18-гадовых гэтага года. Дзяржміністр па пытаннях культуры і СМІ Клаўдыя Рот ужо заявіла, што будзе лічыць поспехам, калі прапановай скарыстаецца хоць бы палова ад тых, каму належаць выплаты.

А ў выпадку, калі грошай не хопіць і цікавасць будзе больш, то ўлады абяцаюць выдзеліць дадатковыя сродкі.

Чытайце таксама:

Starbucks заплаціць звольненай белай супрацоўніцы 25,6 мільёна даляраў па справе аб расавай дыскрымінацыі

«Ён зараз сустракаецца з Богам». У Мілане развіталіся з Сільвіа Берлусконі

Выступ Беёнсэ ў Швецыі справакаваў рост інфляцыі ў краіне

Nashaniva.com