Лукашысты патрабуюць чыстак і рэпрэсій на гістфаках у ВНУ
На адным з ток-шоу ў эфіры тэлеканала СТБ лукашысцкія ідэолагі абмеркавалі праблемы адукацыі і, акрамя іншага, закранулі пытанне правядзення ў сценах ВНУ дзяржаўнай ідэалогіі ў сферы гістарычнай памяці. Лагічна, што іншых метадаў для перамог на ідэалагічным полі, як толькі брутальныя рэпрэсіі супраць нязгодных, прыхільнікі рэжыму не бачаць.
15.06.2023 / 15:54
Мікіта Рачылоўскі
Мікіта Рачылоўскі, старшыня т. зв. «моладзевага парламента» пры Нацыянальным сходзе, звярнуў увагу на кадравае пытанне, успомніўшы словы Лукашэнкі падчас сёлетняга штогадовага паслання, што трэба «ператрэсці» рэктарскі склад ВНУ.
На думку маладога ідэолага, «трэба звярнуць увагу не толькі на рэктарскі склад, але і на прафесарска-выкладчыцкі, таму што, калі шчыра, на некаторых гістарычных факультэтах дзеецца такое глупства. Там такія бэчэбэшнікі заселі, што пры мне дзяўчыну, якая стварыла праект па захаванні, мемарыялізацыі памяці ў Брэсце і Кобрыне, сябры гістарычнага факультэта пэўнай ВНУ назвалі гэта не захаваннем памяці, а турызмам і краязнаўствам.
То-бок калі захаванне подзвігаў герояў Савецкага Саюза — гэта краязнаўства, турызм, то пра што тут можна казаць? Як яны будуць выхоўваць маладых гісторыкаў? Як яны прыйдуць у школу і што яны будуць расказваць?»
Выказванне поглядаў, адрозных ад афіцыйных, прапануецца прыраўняць да дзяржздрады, а аўтараў літаратуры, якая «супярэчыць агульнапрынятым гістарычным фактам», Рачылоўскі прапанаваў адпраўляць пад суд і ў турму.
Ягоны ж калега па «моладзевым парламенце» Павел Латковіч дагаварыўся ўвогуле да таго, што калі такое «скажэнне фактаў»
«падыме вострую праблему аж да рэвалюцыі, то, натуральна, аж да смяротнага пакарання можна даводзіць».
Чытайце таксама:
У Полацкім універсітэце звольнілі за палітыку трох выкладчыкаў, шасцёра звольніліся самі