Культура1616

На гістфаку БДУ знішчылі пано з выявай Каліноўскага

Паводле інфармацыі з крыніц «Нашай Нівы», пры рэканструкцыі корпуса гістарычнага факультэта БДУ было знішчана дэкаратыўнае пано з выявай Кастуся Каліноўскага.

Пано з Кастусём Каліноўскім на гістфаку БДУ да пачатку рэканструкцыі. Фота: Wikimedia Commons

Керамічнае пано размяшчалася ў адной з аўдыторый на чацвёртым паверсе гістфака. На ім у поўны рост быў адлюстраваны лідар вызвольнага паўстання 1863—1864 гадоў на Беларусі Кастусь Каліноўскі і паўстанцы-касінеры на заднім фоне. У ніжняй частцы пано была змешчана цытата з верша «За ўсё…», напісанага Янкам Купалам у 1926 годзе:

Я адплаціў народу,
Чым моц мая магла:
Зваў з путаў на свабоду,
Зваў з цемры да святла.

Рэшткі дэкаратыўнага пано, зваленыя ў кучу разам з будаўнічым смеццем

На фота ў кучы будаўнічага смецця відаць фрагменты рэльефнай рамы, якая абрамляла выяву Каліноўскага, а таксама кавалкі іншых кампазіцый з аўдыторыі па матывах твораў Купалы.

Па нашай інфармацыі, знішчэнне пано адбылося да поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022-м. 

Гэтыя пано, хутчэй за ўсё, не маюць ніякага дачынення да гістарычнага факультэта і дасталіся яму ў спадчыну ад філалагічнага факультэта, які займаў будынак па Чырвонаармейскай вуліцы з моманту ягонай адбудовы ў 1957 годзе. Выселены філфак быў толькі ў 1992-м.

Керамічныя пано па матывах твораў Янкі Купалы, знішчаныя разам з пано з выявай Кастуся Каліноўскага. Фота: Wikimedia Commons

Рэканструкцыя корпуса цягнецца з 2021 года. Корпус гістфака — адзін з першых будынкаў, якія заняў створаны ў 1921 годзе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Да гэтага будынак, узведзены ў 1863—1867 гадах, займала мужчынская гімназія С. П. Зубакіна і К. В. Фальковіча. Па ўніверсітэцкай нумарацыі будынак былой гімназіі стаў называцца «Домам № 1».

Дом № 1 БДУ — сучасны будынак гістарычнага факультэта БДУ. Фота: Wikimedia Commons

У часе вайны будынак моцна пацярпеў, ад яго заставаліся толькі знадворныя сцены. Большая частка руін была знесена, ад будынка сярэдзіны XIX стагоддзя засталася толькі дваровая частка, на месцы якой сёння знаходзіцца актавая зала факультэта. На месцы ж знесенай часткі па праекце Якава Шапіры ў ​​1957 годзе пабудаваны новы чатырохпавярховы корпус у духу савецкай неакласікі. У інтэр’ерах да рэканструкцыі захаваліся парадная лесвіца з балясамі, вітражы, паркет, лепка на столях і сценах вестыбюля і актавай залы.

Інтэр'ер калідораў гістфака БДУ на рэндарах. Фота: «Мінск-Навіны»

На рэндарах жа сціплай класікі больш няма, а ёсць «па-багатаму» зроблены еўрарамонт з керамагранітнымі падлогамі, тынкоўкай-венецыянкай і молдынгамі на сценах, кесонамі і дарагімі люстрамі на столях, безгустоўнымі цяжкімі шторамі на вокнах. Відаць, у гэты «палацавы стыль» ніяк не ўпісвалася праставатая савецкая кераміка, і адзінае, што дадумаліся з ёй зрабіць, — пабіць ды выкінуць на сметніцу. Або камусьці ў кіраўніцтве не падабалася постаць паўстанца…

Лесвічная пляцоўка гістфака БДУ на рэндарах. Фота: «Мінск-Навіны»

Але, згодна з заканадаўствам, творы манументальна-дэкаратыўнага мастацтва не могуць быць знішчаныя, а мусяць быць рэканструяваныя — пад гэтае азначэнне падпадае ў тым ліку змяненне месца знаходжання. Праўда, ніякага пераліку, які дазваляў бы адсочваць тое, што адбываецца з падобнымі культурнымі каштоўнасцямі, не існуе — аднойчы яны проста знікаюць у нікуды. Калі зафарбаваную ці збітую мазаіку яшчэ нехта заўважыць і абурыцца, то інтэр’ерныя рэчы знікаюць без аніякага шуму.

Мяркуючы па ўсім, на гістарычным факультэце БДУ ў выніку рэканструкцыі не застанецца анічога гістарычнага, акрамя фасадаў.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары16

  • Ёсік
    14.06.2023
    Чаго здьзіўляцца, Беларусь з'явілася з 3 ліпеня 1944,а зажыла, дыхаючы на поўныя грудьзі у жніўні 1994,а ў 1996 пачаўся залаты перыяд, па сёняшні дзень у золаце ходзім. Вар'яты.
  • Беглы
    14.06.2023
    Прывітанне гісторыкам, якія там працуюць, вы калабаранты
  • Гісторык
    14.06.2023
    Варвары.

Цяпер чытаюць

«Не можаш ваяваць — дапамагай. Не можаш дапамагаць — не трындзі»: маладая беларуска далучылася да УСУ ў 2026 і ваюе дроншчыцай2

«Не можаш ваяваць — дапамагай. Не можаш дапамагаць — не трындзі»: маладая беларуска далучылася да УСУ ў 2026 і ваюе дроншчыцай

Усе навіны →
Усе навіны

На дне Міжземнага мора знайшлі каля 1300 нейкіх кругоў. Як яны ўтварыліся?2

У Браславе басейн, адкрыты да 7 лістапада, спыніў працу ўжо праз некалькі дзён2

Еўрасаюз адправіць на перамовы з Расіяй цэлую каманду3

«Людзі, якія прымаюць рашэнні і ставяць подпісы, сталі хавацца». Адвакатка Ціханоўскага, Бабарыкі і Дзядка расказала пра суддзяў, якія выносяць незаконныя прысуды2

«Сняданак па 74 капейкі, абед па 43 капейкі». Беларуска расказала, як харчуецца на $50 у месяц6

Пад Мінскам легкавік сутыкнуўся з лесавозам, кіроўца загінуў

«Калі ласка, без сюрпрызаў!» Мерц засцярог Трампа ад другога Анкорыджа7

21‑гадоваму Сямёну Малашэнкаву, сыну прапагандыста «Спутніка», прысудзілі 4 гады калоніі па палітычнай справе1

Алег Шулякоўскі прызначаны намеснікам міністра ўнутраных спраў4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Не можаш ваяваць — дапамагай. Не можаш дапамагаць — не трындзі»: маладая беларуска далучылася да УСУ ў 2026 і ваюе дроншчыцай2

«Не можаш ваяваць — дапамагай. Не можаш дапамагаць — не трындзі»: маладая беларуска далучылася да УСУ ў 2026 і ваюе дроншчыцай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць