Беларускі пасол у Расіі дамовіўся з кіраўніком «ДНР» аб супрацоўніцтве ў чатырох сферах. Але супрацоўніцтва ўжо ідзе поўным ходам
Беларусь і «Данецкая народная рэспубліка» будуць развіваць супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы, машынабудаванні, вугальнай галіне і пастаўках харчовай прадукцыі, піша ТАСС.
16.06.2023 / 13:16
Адпаведнае пагадненне ў чацвер падпісалі на Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Круты і в. а. кіраўніка «ДНР» Дзяніс Пушылін.
Дзмітры Круты і Дзяніс Пушылін. Фота: тэлеграм-канал Дзяніса Пушыліна
«Сёння было падпісана камюніке. У нас ёсць ужо нейкая дарожная карта пасля сустрэчы з Аляксандрам Рыгоравічам [Лукашэнкам] — мы стварылі шэраг рабочых груп, зараз пасля яшчэ шэрага сустрэч кіраўнікоў рознага ўзроўню пачнецца пераход у практычную плоскасць. Ужо ёсць пэўны вынік: выбудавана лінейнае ўзаемадзеянне паміж прадпрыемствамі, прамыя сувязі. <…> Гэта тычыцца і сельскай гаспадаркі, і транспартнай забяспечанасці», — распавёў Пушылін у размове карэспандэнтам ТАСС пасля падпісання пагаднення.
Старшыня ўрада «ДНР» Яўген Сонцаў пацвердзіў, што пачынаючы з красавіка, калі адбылася сустрэча Пушыліна і Лукашэнкі ў Мінску, многія беларускія прадпрыемствы ўжо наладзілі ўзаемадзеянне з контрагентамі ў «ДНР»: у іх ліку, напрыклад, БелАЗ і беларуская кампанія, якая распачала перавалку збожжа на экспарт праз порт акупаванага Марыупаля.
Па словах Сонцава, у цяперашнім пагадненні з Беларуссю ўжо прапісаны шэраг канкрэтных праектаў, у прыватнасці, пастаўкі сельскагаспадарчай і харчовай прадукцыі, тэхнікі і запчастак, вугалю. Цягам месяца гэтыя праекты будуць дэталізаваныя з выхадам на пашыраную версію пагаднення, якую падпішуць прадстаўнікі ўрадаў Беларусі і гэтага акупаванага рэгіёна Украіны.