Spotify разарваў кантракт з Меган Маркл і прынцам Гары. Не апраўдалі чаканняў

Стрымінгавая платформа Spotify разарвала кантракт з герцагам і герцагіняй Сасэкскімі, у рамках якога пара выпускала серыю падкастаў. У сумеснай заяве бакоў гаворыцца, што гэта ўзаемнае рашэнне, але амерыканскія медыя сцвярджаюць, што прычынай разрыву стала нізкая прадукцыйнасць Гары і Меган.

16.06.2023 / 14:40

Прынц Гары і Меган Маркл. Фота: Seth Wenig, File / AP Photo

Кантракт са Spotify прадугледжваў стварэнне некалькіх разнастайных серый падкасту, але з 2020 года, калі ён быў падпісаны, матэрыялізаваўся толькі адзін праект — падкаст «Архетыпы» (Archetypes), піша Бі-бі-сі.

Са жніўня 2022 года выйшла 12 эпізодаў, прысвечаных у асноўным праблемам жанчын у сучасным свеце: стэрэатыпам, з якімі яны сутыкаюцца, і цяжкасцям, якія ім даводзіцца пераадольваць, каб заняць сваё месца ў грамадстве.

Гасцямі і суразмоўцамі Меган Маркл у падкасце станавіліся вядомыя жанчыны, напрыклад, тэнісістка Серэна Уільямс, спявачка Мэрая Кэры і свецкая львіца Пэрыс Хілтан.

Кантракт са Spotify на 25 млн даляраў стаў адным з найбуйнейшых бізнэс-пагадненняў прынца Гары і Меган Маркл пасля таго, як яны склалі з сябе каралеўскія абавязкі і абвясцілі аб сваім імкненні да фінансавай незалежнасці.

Аднак праз датэрміновы разрыў пагаднення ўсёй сумы кантракта яны не атрымаюць, піша прэса ЗША.

Пасля заключэння пагаднення са Spotify ў 2020 годзе прынц Гары казаў, што іх з Меган падкасты могуць стаць прарывам, бо яны маюць намер даць публіцы магчымасць пачуць новыя галасы і незвычайныя меркаванні.

Падкаст «Архетыпы», вядучай якога была толькі Меган, сапраўды збіраў вялікую аўдыторыю і ў снежні мінулага года атрымаў найвышэйшую ўзнагароду на цырымоніі ўручэння прэміі People's Choice Award у Лос-Анджэлесе.

Вытворчасцю падкасту займалася ўласная прадзюсарская кампанія Гары і Меган — Archewell.

«Мне падабалася ўнікаць у працэс, сядзець позна ўначы ў ложку, працаваць над сцэнаром, — казала раней Меган Маркл. — І мне падабалася паглыбляцца ў змястоўныя гутаркі з маімі разнастайнымі і натхняльнымі гасцямі, смяяцца і вучыцца разам з імі».

Wall Street Journal са спасылкай на кіраўніцтва Archewell напісала, што Меган працягне ствараць кантэнт для аўдыторыі «Архетыпаў» на іншай платформе. Што гэта за платформа, пакуль не паведамляецца.

Разрыву кантракта з герцагам і герцагіняй Сасэкскімі папярэднічала на мінулым тыдні заява Spotify аб скарачэнні 200 працоўных месцаў у дэпартаменце падкастаў.

Стрымінгавы гігант патлумачыў гэта стратэгічнымі зменамі пасля маштабных укладанняў у развіццё падкастаў на платформе.

У Гары і Меган застаюцца ў арсенале яшчэ два буйныя кантракты: з кампаніяй Netflix, якая зняла пра іх дакументальны серыял, і з выдавецкім домам Penguin Books, які выпусціў скандальную аўтабіяграфію прынца Гары «Запасны» (Spare).

Серыял на Netflix выйшаў у снежні 2022 года, але не набраў рэйтынга, на які разлічвалі стваральнікі.

Чытайце таксама:

Какаін, вядзьмарка і рукапрыкладства Уільяма. У інтэрнэт трапілі сенсацыйныя ўцечкі з мемуараў прынца Гары

Nashaniva.com