Дзесяцігадовая школьніца за адзін сезон забіла больш галоў, чым Мбапэ, Кейн і Холан разам узятыя
Школьны трэнер нават здымаў дзяўчынку з гульняў, каб даць нармальна пагуляць іншым дзецям.
18.06.2023 / 21:43
Дзесяцігадовая школьніца-футбалістка Амелія Морыс. Фота: Wales News Service
Нападаючая школьніца-футбалістка з Паўднёвага Уэльса Амелія Морыс, якой 10 гадоў, за гэты сезон забіла 143 галы. Яе нават даводзілася здымаць з гульняў, каб даць шанец іншым камандам, бо Амелія магла забіваць па 10 галоў за матч. Пра гэта 7 чэрвеня напісала выданне The Mirror са спасылкай на мясцовыя медыя.
Для параўнання: такія сусветна вядомыя футбольныя гульцы, як Кіліян Мбапэ (форвард ПСЖ, які хоча перайсці ў «Рэал»), Эрлінг Холан (форвард «Манчэстэр Сіці», якога прызналі найлепшым гульцом гэтага сезона АПЛ) і Гары Кейн (форвард «Тотэнхэм Хотспур», самы высокааплатны футбаліст свету на момант 2018 года) у сукупнасці за гэты сезон забілі толькі 113 галоў, як адзначае выданне.
Тата таленавітай дзяўчынкі, які па сумяшчальніцтве і яе галоўны трэнер, сказаў, што яе поспехі — гэта вынік цяжкай працы і прыроднага таленту яго дачкі, аднак усё ж такі ён мусіў зняць Амелію з гульняў для таго, каб крыху выраўнаваць лік паміж камандамі.
«Яна трэніруецца кожны дзень, і ў яе шмат прыродных талентаў. Я аб'ездзіў з ёй увесь Паўднёвы Уэльс і, шчыра кажучы, ніколі і нікога не бачыў падобнага да Амеліі. Кожны другі трэнер з кожнай каманды, з якой мы гулялі, падыходзіў да мяне і пытаўся, хто гэтая дзяўчынка і адкуль яна», — кажа тата таленавітай дзяўчынкі.
Сама Амелія заяўляе, что яшчэ з нараджэння штурхае нагой мяч і ёй «вельмі падабаецца забіваць галы». Дзяўчынка натхняецца нападаючым «Ліверпуля» Махамедам Салахам і ў будучыні марыць гуляць у яго камандзе або ва «Уэльсе».
У дадатак да гэтага Амелія займаецца кікбоксінгам і ўжо ўзяла чатыры залатыя медалі на розных чэмпіянатах па гэтым відзе спорту.
Чытайце таксама:
Сярэдзіна табліцы і даўгі. Як жыве некалі зорны БАТЭ
Не вытрымала ціску? Чаму Сабаленка прызналася, што не падтрымлівае вайну
Прызёрка Алімпіяды Надзея Астапчук упершыню за паўгода выйшла на сувязь