Спорт

Сярэдзіна табліцы і даўгі. Як жыве некалі зорны БАТЭ

Некалі гэтая каманда прывозіла ў Беларусь Месі, Рауля і Ібрагімавіча, перамагала «Баварыю», «Рому» і «Арсенал». Як цяпер жыве былы флагман вышэйшай лігі?

Фанаты БАТЭ на фінале футбольнага Кубка Беларусі, 24 мая 2020 года. Фота: AP Photo / Sergei Grits

Сярэднячок у табліцы

Былі гады, калі БАТЭ ўпэўнена акупаваў першы радок у табліцы беларускага чэмпіянату. Тады для каманды былі трагедыяй любыя месцы ў вышэйшай лізе, акрамя першага, і ў перыяд з 2006-га па 2018-ты каманда не ўпусціла ніводнага чэмпіёнства. Што ж здарылася потым?

22 верасня 2018 года памёр Анатоль Капскі, нязменны кіраўнік адроджанага БАТЭ (клуб з такой назвай існаваў у Барысаве і з 1973 па 1984 гады). Легендарнага менеджара замяніў яго сын, 27-гадовы (на той час) Андрэй Капскі. І тут вынікі каманды паціху пакаціліся пад адхон.

З 2019 па 2021 гады БАТЭ браў срэбра чэмпіянату, сезон-2022 клуб скончыў на трэцім месцы. Гэты вынік, аднак, дазваляе барысаўчанам выступіць сёлета ў кваліфікацыі Лігі Чэмпіёнаў, але толькі праз тое, што першы і другі прызёры вышкі-2022 — «Шахцёр» і «Энергетык-БДУ» — страцілі свае месцы ў табліцы і адпаведна ў еўракубках праз скандал з дамоўнымі матчамі.

Цяпер жа, у сезоне-2023, БАТЭ і ўвогуле ідзе на пятым месцы ў табліцы. Новапаўсталы сярэднячок, напрыклад, прайграў 1:2 жодзінскаму «Тарпеда-БелАЗ», страціў ачкі ў нічыіх з «Іслаччу», мазырскай «Славіяй», «Мінскам» і «Энергетыкам-БДУ». Цяпер клуб перажывае серыю з чатырох гульняў без перамог у беларускім чэмпіянаце, плюс яшчэ і крыўдная параза ў фінале беларускага Кубка — крыўдная, бо трафей моцна падбадзёрыў бы каманду.

Экс-трэнер БАТЭ па фізічнай падрыхтоўцы Хасэ Пастар Верчылі нядаўна так выказаўся пра лёс клуба ў апошнія гады: «На многае паўплывала смерць такога харызматычнага лідара, як Анатоль Капскі. Яго немагчыма замяніць, знайсці чалавека з такім досведам. Сваю ролю адыграла пандэмія і эканамічная сітуацыя».

Пазбавіліся лідараў

У першыя месяцы пратэстаў-2020 з'явілася відэа, у якім дзясяткі беларускіх футбалістаў выказваюцца супраць гвалту. У параўнанні са шматлікімі іншымі выказваннямі таго часу гэты ролік выглядаў трохі стрымана, але ж, як мы бачым цяпер, і яго хапіла спартовым чыноўнікам, каб раззлавацца на непакорлівых спартсменаў не на жарт.

Пасля сезона-2022 у Мінспорту склалі спіс «непажаданых» гульцоў, якія мусілі застацца па-за бортам у беларускім футболе. Сярод такіх футбалістаў аказаліся і тыя, чыя дапамога на полі цяпер была б для БАТЭ зусім не лішняй. 

Адзначым перш за ўсё асобу Станіслава Драгуна — аднаго з топавых гульцоў БАТЭ яшчэ часоў Анатоля Капскага. Олды памятаюць тандэм «Стасікаў» — Драгуна і яшчэ аднаго знакамітага барысаўчаніна Ігара Стасевіча, які цяпер гуляе ў казахскім «Атырау». Некалькі тыдняў таму 35-гадовы Драгун, які праз свой статус «непажаданага» так і не выйшаў сёлета на поле, абвясціў пра заканчэнне кар'еры.

Станіслаў Драгун. Фота: яго старонка ў інстаграме

Ёсць звесткі і пра тое, што каманду пакінуў дасведчаны абаронца Максім Бардачоў, які таксама трапіў у «чорны спіс». Таксама з БАТЭ ў гэты спіс трапілі таленавіты брамнік Дзяніс Шчарбіцкі, паўабаронцы Дзмітрый Бяссмертны і Даніла Нячаеў. Усе яны дужа спатрэбіліся б камандзе, якая, нагадаем, цяпер месціцца на пятым радку турнірнай табліцы, а яшчэ і збіраецца гуляць у кваліфікацыі Лігі Чэмпіёнаў.

Дарэчы, пра яе: у аўторак пройдзе лёсаванне першага раўнда кваліфікацыі ЛЧ, самі матчы стартуюць 11 ліпеня, то-бок менш чым праз месяц. Якім да іх падыдзе БАТЭ? Пытанне рытарычнае.

Трэба адзначыць, што не вядома ні пра якія публічныя спробы БАТЭ адстаяць сваіх гульцоў, такіх патрэбных клубу. Зразумела, такі крок патрабаваў бы мужнасці, але ж ужо ёсць падобныя прыклады. Згадаем Ігара Кавалевіча, коўча гродзенскага «Нёмана», які пасля вылету каманды з розыгрышу Кубка (дарэчы, вылятаў «Нёман» ад БАТЭ) проста на прэс-канферэнцыі згадаў забаненых гульцоў: «Нам не хапае Пасевіча, Ляшка, Жукоўскага… Вось я прасіў у перадачы. Калі там разгледзяць гэтыя справы?»

Праблемы з грашыма

Нібыта ўсяго гэтага было мала, з'яўляецца больш звестак пра тое, што ў БАТЭ не ўсё файна з грашыма. Часткова гэта звязана з тым, што клуб ужо не першы год не мае доступу да Лігі Чэмпіёнаў з яе прызавымі. У Лізе Канферэнцый, дзе БАТЭ ўдзельнічаў апошнія два сезоны, каманда абодва разы вылятала ў другім кваліфікацыйным раўндзе, што таксама не дае шансаў на добрыя прызавыя. Вядома ж, у такіх умовах клуб вымушаны скарачаць выдаткі.

Але ж ёсць і рэчы, якія не так проста зразумець. Інсайдары сцвярджаюць, што проста цяпер, пасля некалькіх месяцаў і 11 тураў чэмпіянату, Мінспорту ўсё яшчэ не падпісала для БАТЭ план развіцця, які дазваляе камандзе атрымліваць спонсарскія грошы ад дзяржаўных прадпрыемстваў.

І больш за тое, паступае інфармацыя, што ў клуба сур'ёзныя фінансавыя праблемы і ёсць даўгі і што пасля першага кола чэмпіянату асноўную каманду могуць чакаць вялікія змены. Ускоснае пацвярджэнне гэтаму — тое, што з лістапада 2022 года БАТЭ не гуляў на «Барысаў-Арэне», сваім хатнім стадыёне, які настолькі важны для каманды, што некалі ў гонар спачылага прэзідэнта клуба яе думалі назваць «Капскі-Арэнай». Паводле «Трыбуны», адна з прычын гэтага — эканомія: арэнда «Барысаў-Арэны» каштуе 8500 рублёў за вечар, а арэнда стадыёна «Гарадскі», дзе пакуль гуляюць жоўта-сінія, абыходзіцца ім у тры тысячы рублёў. Розніца істотная.

Нарэшце, заўзятары адчуваюць, што ў БАТЭ не найлепшыя часы, і не балуюць клуб аншлагамі. У гэтым годзе сярэдняя наведвальнасць «Гарадскога» — 3131 чалавек, пры тым што там знойдзецца месца для 5402 гледачоў.

Да сённяшняга БАТЭ можна ставіцца па-рознаму. Шмат хто з заўзятараў быў расчараваны, напрыклад, удзелам прэзідэнта клуба Андрэя Капскага і іншых барысаўчан у праўладных падзеях, сумныя гульнявыя вынікі таксама не натхняюць перажываць за каманду. Як заўсёды ў такіх сітуацыях, хочацца шукаць вінаватых, адмаўляцца ад каманды і жыць сваім жыццём — выбіраць, прасцей кажучы, самы просты варыянт.

Але проста нагадаем скептыкам, што БАТЭ Анатоля Капскага — гэта эпоха, клуб, які праславіў беларускі футбол у Еўропе, які прыцягнуў на стадыёны сотні (а да экранаў — тысячы) беларусаў і даказаў нам, што і нашым футболам можна ганарыцца. І тое, што мы бачылі апошнія гады, — гэта перш за ўсё забойства вялікай каманды праз палітыку, няўмелы менеджмент і знешнія абставіны, а не нараджэнне яшчэ аднаго прарэжымнага клуба. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«Маё жыццё — таксама суцэльныя кампрамісы». Канстанцін Каверын — пра бяссілле, БАТЭ і свой спосаб не ўпасці ў дэпрэсію

«У плане мужчынскай увагі я распешчаная». Гэтая беларуская футбольная фанатка збірае тысячы праглядаў у інстаграме

Глеб, Кутузаў, Румас? Хто выратуе белфутбол — разважаюць адмыслоўцы

Каментары

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна3

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна

Усе навіны →
Усе навіны

Паліцыя разагнала пратэст у цэнтры Тбілісі3

Улады Малдовы вырашылі не плаціць «Газпраму» доўг памерам 709 млн даляраў

«Цяпер хоць стала можна нармальна зарабляць». Што думаюць таксісты пра працу ў новых умовах9

Аўстралія забароніць падлеткам да 16 гадоў карыстацца сацыяльнымі сеткамі2

У Грузіі ўспыхнулі пратэсты пасля заявы ўрада пра адмову ад еўраінтэграцыі4

У Беларусі затрымалі грузінскага злодзея ў законе, які прарываўся з Расіі без пашпарта

Мінскае «Дынама» прайграла чацверты матч у Лізе канферэнцый ВІДЭА1

Андрэй Дзмітрыеў з'ездзіў у Бундэстаг, каб давесці неабходнасць удзелу Лукашэнкі ў мірных перамовах26

У Беларусі з'явілася новая гандлёвая сетка — Pole Kvetak3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна3

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна

Галоўнае
Усе навіны →