Пускаюць аўтобусы і ў Еўропу, і ў Крым. Чаму беларускі перавозчык не баіцца трапіць пад санкцыі?

Нядаўна стала вядома, што буйны беларускі перавозчык Intercars арганізаваў рэгулярныя рэйсы з Мінска ў Крым. Ён жа ажыцяўляе рэйсы ў розныя краіны ЕС. Чаму бізнэс не цураецца працаваць з Крымам, калі гэта можа несці санкцыйныя і рэпутацыйная рызыкі?

02.07.2023 / 10:44

Аўтобус з надпісамі Intercars у Крыме. Фота: blizko.by

Бізнэс — нічога асабістага?

Кампанія Intercars пачала ажыццяўляць перавозкі з Мінска ў акупаваны Крым. У каментары інтэрнэт-парталу blizko.by дырэктарка кампаніі «Баертранс» Юлія Бурдон-Сабецкая паведаміла, што рэйсы карыстаюцца папулярнасцю. У планах перавозчыка — адкрыць новыя маршруты, каб можна было дабрацца не толькі ў акупаваныя Ялту, Алушту і Феадосію, але і ў Еўпаторыю, якая знаходзіцца на заходнім узбярэжжы паўвострава.

Фота: скрыншот з сайта intercars-tickets.com

Тым не менш, мяркуючы па інфармацыі на сайце перавозчыка, асноўным кірункам працы кампаній «Інтэркарс» і «БайерТранс» з'яўляюцца краіны Еўропы. 

Фота: скрыншот з сайта intercars-tickets.com

Выглядае, што кампанія не асцерагаецца таго, што арганізацыя паездак у Крым можа прывесці да санкцый з боку ЕС і ЗША і рэпутацыйных рызык.

Две нядаўнія публікацыі кампаніі «Байертранс» у Google. 2 траўня яны пішуць пра зніжкі на новы рэйс у Вільню, а 15 — анансуюць новыя рэйсы ў Крым і Краснадарскі край. Фота: скрыншот з Google

Як у РФ клапоцяцца пра бізнэс у Крыме

Каб паменшыць рызыкі бізнэсу патрапіць пад санкцыі, у 2019 годзе ўрад РФ прыняў адмысловую пастанову, якая вызначае выпадкі, калі можа быць абмежаваны доступ да даных у адзіным дзяржаўным рэестры юрыдычных асоб. Закон дазваляў у тым ліку прыхоўваць даныя пра кампаніі, якія вядуць бізнэс у акупаваным Крыме.

Цікава, што 9 чэрвеня 2023-га дакумент зазнаў змены. У новую рэдакцыю дадалі і іншыя акупаваныя тэрыторыі — «Данецкую Народную Рэспубліку», «Луганскую Народную Рэспублікі», а таксама Запарожскую і Херсонскую вобласці.

Фота: скрыншот з сайта consultant.ru

Звычайна бізнэс, які хоча зарабляць на працы з Крымам, ідзе на хітрыкі і шукае лазейкі, каб не патрапіць пад санцыі. Сярод папулярных метадаў: адкрыццё даччыных кампаніі або фірм-пракладак, дзякуючы якім асноўная юрыдычная асоба застаецца нiбыта не датычнай да гэтай дзейнасці.

Еўрапейскія карані кампаніі

Калі казаць пра Intercars, то звяргае увагу, што ў каментары blizko.by дырэктарка кампаніі адзначыла, што прамыя рэйсы з Мінска ідуць толькі да Бранска, дзе робіцца перасадка, бо другое «плячо» маршруту абслугоўваецца расійскай кампаніяй.

Нельга выключаць, што такі элемент застаецца пэўнай засцярогай, каб не трапіць пад санкцыі. Але тым не меней на сваім сайце аператар заяўляе, што прадае квіткі ў гэтым кірунку, арганізоўвае маршрут і дзеліцца планамі на адкрыццё новых кірункаў на тэрыторыі Крыма.

Фота: скрыншот з сайта intercars-tickets.com

Для параўнання, на такіх сайтах, як Infobus ці Busfor, набыць квіткі ў акупаваны Крым немагчыма.

Вішанькай на торце ў выпадку з Intercars можна назваць той факт, што гэта кампанія мае еўрапейскія карані. Як пазначана на сайце кампаніі, генеральным дырэктарам з'яўляецца Патрык Жан Гі Бурдон. 

Фота: скрыншот з сайта intercars-tickets.com

Згодна з інфармацыяй у адкрытым доступе, ён раней меў бізнэс у Германіі, дзе ўжо фігуравала і Юлія Бурдон.

 

Фота: скрыншот з сайта webvalid.de

Не толькі Іntercars супрацоўнічае з Крымам

Варта адзначыць, што Іntercars не адзіная кампанія, якая ў адкрытую займаецца арганізацыяй перавозак у Крым. Апроч яе ёсць шэраг турыстычных кампаній, якія прапануюць пуцёўкі на паўвостраў. Пра тое, што нават вайна не спыняе гэтыя турфірмы адпраўляць людзей на адпачынак у Крым, мы звярталі ўвагу яшчэ летась. 

Турыстычных агенцый у Беларусі, якія прадаюць пуцёўкі ў Крым, даволі шмат. 

Фоты: скрыншот з сайтаў datatour.by і andersen.by

Пра што замоўчваюць перавозчыкі і турагенцыі?

Перавозчыкі і тураператары, якія ажыццяўляюць арганізацыю перавозак і адпачынку ў Крыме, не толькі падстаўляюць свой бізнэс пад рызыкі трапіць пад санкцыі або панесці рэпутацыйныя страты, але і сваіх кліентаў і пасажыраў.

Рэч у тым, што, згодна з заканадаўствам Украіны, трапіць на тэрыторыю Крыма, не парушаючы законаў, можна толькі з мацерыковай часткі Украіны. У адваротным выпадку чалавек можа атрымаць забарону на ўезд ва Украіну тэрмінам на 5 год. Натуральна, што цяпер гэта не асабліва актуальна, але ніхто не ведае, што будзе праз 3-5 год. І як такія паездкі могуць адгукнуцца ў будучыні, калі раптам нехта захоча з'ездзіць ва Украіну, а там высветліцца, што чалавек наведваў Крым.

Яшчэ адзін небяспечны момант такіх паездак хаваецца ў тым, што ў рэгіёне ідзе вайна. Таму паездкі на тэрыторыю Крыма будзь якім шляхам — гэта дадатковая рызыка.

Той факт, што некаторы бізнэс дазваляе сабе супрацоўнічаць з Крымам і робіць гэта без асаблівых засцярогаў, кажа аб тым, што механізм санкцый недасканалы. Кантроль за іх выкананнем па ўсё бачнасці таксама не надта пільны, асабліва, калі размова ідзе пра нейкіх дробных гульцоў. А этычныя нормы і рэпутацыя, як паказвае практыка, цікавяць далёка не ўсіх бізнэсоўцаў, як сярод беларускіх кампаній, так і іх заходніх партнёраў.

Даніла Луцкевіч