Пры чым каровы да кулікоў? Выяўляецца, сувязь непасрэдная

Пойма Прыпяці — важнае месца для гнездавання водна-балотных птушак, але яна хутка зарастае хмызняком. Гэта забірае «жылплошчу» ў птушак: кулікам і качкам няма дзе рабіць гнёзды. У чым прычына такой з'явы, піша тэлеграм-канал «Дзікая прырода побач».

22.06.2023 / 18:43

Калі тут нарыхтоўвалі сена, пасвілі кароў, хмызнякі не паспявалі вырасці. Таму паплавы і адкрытыя асаковыя балоты захоўваліся. 

А цяпер і людзі трымаюць менш кароў, і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы паступова пераводзяць быдла цалкам на стойлавае ўтрыманне.

Як вынік адкрытыя ўчасткі балот і паплавоў хутка зарастаюць, пазбаўляючы «дома» рэдкія віды раслін і жывёл, якія могуць жыць толькі ў такіх экасістэмах.

У птушак на міграцыі застаецца менш месцаў, каб спыніцца, адпачыць і падмацавацца. Гэта можа прывесці як да змены міграцыйных шляхоў, так і да знікнення птушак, калі новыя маршруты будуць патрабаваць больш энергіі, несці больш небяспекі.

Каб паплавы заставалася прывабнымі і прыдатнымі для птушак, іх важна захоўваць. Як? Штогод трэба вызваляць іх ад кустоў і маладых дрэўцаў, а яшчэ лепш — касіць сена ці арганізаваць там выпас кароў, коней, іншых капытных.

І тады пойма Прыпяці будзе гасцінна сустракаць пералётных птушак, якія спыняюцца ў нас на адпачынак або пасля зімоўкі будуць вяртацца на гнездаванне.

Чытайце таксама:

У Беларусі ёсць птушкі, якія ўжо цяпер выпраўляюцца ў вырай

Грыф, які забівае беларускіх буслянят, прыляцеў з Расіі — «Народныя навіны Віцебска»

Варта прыглядацца да птушак на палях. Магчыма, атрымаецца зафіксаваць сенсацыю

Nashaniva.com