У Беларусі задумалі стварыць вакцыну ад грыпу

Уласная вытворчасць падобных прэпаратаў неабходна, каб своечасова рэагаваць на пагрозы ў будучыні, як лічаць спецыялісты.

23.06.2023 / 07:14

Фота: «Наша Ніва»

Праект па стварэнні беларускай вакцыны ад каранавіруса завершыцца да канца 2023 — пачатку 2024 года. Пра гэта заявіў намеснік міністра аховы здароўя, галоўны дзяржаўны санітарны доктар краіны Аляксандр Тарасенка, як піша Tochka.by.

Ён адзначыў, што беларускія навукоўцы ўсё роўна працягваюць працаваць над уласнай вакцынай ад COVID-19, хоць сітуацыя з інфекцыяй ва ўсім свеце палепшылася. Робіцца гэта з планамі на будучыню аб далейшым развіцці вытворчасці і іншых вакцын.

«Глядзім, напрыклад, на тое, каб стварыць вакцыну і супраць грыпу», — адзначыў Аляксандр Тарасенка, дадаўшы, што ўласная вытворчасць такіх прэпаратаў неабходна, каб своечасова рэагаваць на пагрозы ў будучыні.

Айчынная вакцына ад «кароны»

У сакавіку 2021 года Аляксандр Лукашэнка даручыў беларускім навукоўцам стварыць сваю вакцыну ад каранавіруса, заявіўшы, што гэта справа гонару для Міністэрства аховы здароўя і НАН Беларусі.

Прэпарат у прабірцы быў атрыманы ўжо ў маі 2021-га. Гэта інактываваная вакцына, падобная да кітайскай Sinopharm або расійскай «Кавівак».

Як заяўляў раней кіраўнік НАН Уладзімір Гусакоў, прататып вакцыны добра пераносіцца і не мае пабочных эфектаў. Ён таксама падкрэсліваў, што прэпарат «стымулюе выпрацоўку антыцелаў супраць віруса SARS-CoV-2 на ўзроўні не ніжэйшым за сусветныя аналагі».

У студзені 2023 года стала вядома, што беларускую вакцыну ад каранавіруса ўжо пратэставалі на жывёлах.

Прэпарат будуць вырабляць на ААТ «БелВітуніфарм» у Віцебскай вобласці.

Чытайце таксама:

Універсальная вакцына супраць грыпу становіцца ўсё больш рэальнай

Тэст на 60 відаў раку зараз можна будзе здаць і ў Мінску

Гэтыя сімптомы могуць сведчыць аб сардэчнай недастатковасці

Nashaniva.com