Пад Баранавічамі разбурылі паштовую станцыю. Падчас паўстання Каліноўскага там быў штаб паўстанцаў
Будынак знаходзіўся на ўскраіне вёскі Мілавіды і быў адной з славутасцяў населенага пункта.
23.06.2023 / 12:39
Будынак былой паштовай станцыі ў Мілавідах. Фота: milovidy.baranovichi.edu.by
У чацвер, 22 чэрвеня, ад жыхароў вёскі стала вядома, што паштовую станцыю, якую мясцовыя часцей называлі Белым домам, разбурылі, як піша Bar24.by.
Паштовую станцыю пабудавалі на ўскраіне вёскі Мілавіды, на шашы Івацэвічы — Слуцк, па адных даных, у 1843 годзе, па іншых — у 1846 годзе. Тут можна было адпачыць, змяніць коней, адрамантаваць пашкоджаны экіпаж.
Будынак цагляны, пабудаваны па тыповым праекце дарожнага будаўніцтва ў стылі класіцызму з элементамі готыкі. Будынак складаўся з трох цагляных проставугольных накрытых шатровымі дахамі будынкаў, якія ўтвараюць адзіную П-падобную кампазіцыю. Цэнтральны будынак выходзіў на дарогу галоўным фасадам, службовыя — тарцамі.
У цэнтральным корпусе месціліся жылыя памяшканні для пуцейшчыкаў, кухня, кватэра наглядчыка, а ў бакавых карпусах — карэтны двор і хлеў.
Да нашых дзён захавалася некалькі пабудоў, сярод якіх самай характэрнай лічыўся станцыйны дом. Гэта аднапавярховы будынак з рысамі класіцызму (уключаючы франтон над уваходам).
Падчас паўстання Кастуся Каліноўскага (1863-1864 гг.) на Мілавідскай паштовай станцыі размяшчаўся адзін з паўстанцкіх аддзелаў. Таксама ў Мілавідах быў бой паўстанцаў з царскімі атрадамі.
Фота: сацыяльныя сеткі
Паштовая станцыя была апісаная вядомым этнографам Паўлам Шпілеўскім, які праязджаў па Варшаўскім тракце і пакінуў успаміны ў сваёй кнізе «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі».
Да нядаўняга часу будынак паштовай станцыі выкарыстоўваўся як рамонтна-дарожная ўстанова.
— Навошта было разбураць? Гэта ж наша гісторыя. І сам будынак яшчэ прастаяў бы шмат гадоў, — адзначыў адзін з жыхароў вёскі.
Чытайце таксама:
Безгустоўны знак на гары Дзяржынскай пастаўлены незаконна. Вінаватых прыцягнуць да адказнасці
Хісткае становішча. Пад Мінскам развальваецца рэканструяваны Курган Славы