Карціну Клімта прадалі за рэкордныя для Еўропы грошы

У аўторак у Лондане на аўкцыёне Sotheby's была прададзеная карціна Густава Клімта за 74 млн фунтаў стэрлінгаў (каля 86 млн еўра). Апошні раз гэты партрэт купілі ў 1994 годзе за 11,6 млн даляраў на аўкцыёне ў Нью-Ёрку. Гэта быў самы гарачы лот, як піша Deutsche Welle.

28.06.2023 / 11:18

Густаў Клімт. «Дама з веерам». Фота: Wikimedia Commons

Партрэт «Дамы з веерам» Клімта лічыцца адным з самых каштоўных твораў мастацтва сярод калі-небудзь выстаўленых на аўкцыёне ў Еўропе.

Пасля раптоўнай смерці аўстрыйскага мастака ў лютым 1918 года падчас пандэміі грыпу, у яго майстэрні ў Вене засталося дзве карціны. Адна з іх — «Дама з веерам». Гэты партрэт — апошняя завершаная праца Клімта, якая стала цяпер каштоўным прадметам калекцыянавання.

Калі карціну знайшлі, яна ўсё яшчэ стаяла на мальберце. На ёй намаляваны партрэт невядомай жанчыны. Ёсць здагадкі, што яна была венскай танцоўшчыцай.

На думку спецыялістаў, мастак намаляваў гэты партрэт не «на замову», што было вельмі незвычайна для Клімта, надзвычай запатрабаванага як партрэтыста. У гэтай карціне выкарыстаны кітайскія матывы: Фенікс як сімвал поспеху, неўміручасці і адраджэння і кветкі лотаса, якія ўвасабляюць чысціню і каханне.

Чытайце таксама:

Двайнік Купалы ў Вене — гісторыя адной карціны

Чатыры карціны Марка Шагала прадалі на аўкцыёне ў Цюрыху

Шагал, Суцін, Бакст… Што зрабіць, каб свет пачаў іх лічыць выхадцамі з Беларусі?

Nashaniva.com