Суравікін «у адным месцы, але не ў турме». Што пішуць пра лёс расійскага генерала
Супярэчлівая інфармацыя распаўсюджваецца наконт расійскага генерала Сяргея Суравікіна.
29.06.2023 / 15:41
Сяргей Суравікін. Фота: AP
Учора выданне The Moscow Times са спасылкаю на дзве свае крыніцы, блізкія да апарату Мінабароны, паведаміла, што намеснік камандуючага Аб'яднанай групоўкай расійскіх войскаў ва Украіне генерал Сяргей Суравікін арыштаваны. Адна з крыніц выдання сцвярджала, што арышт звязаны з мяцяжом Прыгожына.
Раней выданне The New York Times паведамляла са спасылкай на чыноўнікаў ЗША, знаёмых з разведданымі, што Суравікін нібыта загадзя ведаў пра планы Яўгена Прыгожына пачаць узброены мяцеж супраць вайсковага кіраўніцтва Расіі. Але гэта інфармацыя так і засталася непацверджанай.
Сёння выданне The Financial Times са спасылкай на свае крыніцы напісала, што Суравікін затрыманы.
FT дадало, што застаецца незразумелым, ці звязана гэта з абвінавачаннем генерала ва ўдзеле ў мяцяжы Яўгена Прыгожына або яго затрымлівалі для допыту.
А вось дачка Суравікіна Вераніка паведаміла «Базе», што з бацькам «нічога не адбылося», ён знаходзіцца на сваім працоўным месцы. Але сказала яна пра гэта не надта ўпэўнена.
Жонка Суравікіна адмовілася каментаваць паведамленні пра арышт мужа.
Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў таксама адмовіўся ад каментароў і параіў звярнуцца з пытаннем у Міністэрства абароны.
Выданне «Важные истории», у сваю чаргу, напісала, што Суравікін не затрыманы.
Як заявілі суразмоўцы выдання, блізкія да Генштаба і ФСБ, генерала дапыталі, а затым адпусцілі.
Паводле інфармацыі агенцтва Bloomberg, Суравікіна на працягу некалькіх дзён дапытвалі вайсковыя пракуроры аб яго сувязях з кіраўніком ПВК «Вагнер» Яўгенам Прыгожыным. Са слоў суразмоўцы агенцтва, генерал «утрымліваецца ў адным месцы, але не ў турме».
Афіцыйных каментароў наконт лёсу Суравікіна не было.
Сяргея Суравікіна прызначылі камандуючым расійскімі войскамі ва Украіне ў кастрычніку 2022 года. У студзені 2023 яго знялі. Камандуючым так званай Аб’яднанай групоўкай войскаў быў прызначаны начальнік Генштаба генерал арміі Валерый Герасімаў. Суравікін стаў намеснікам Герасімава.
Падчас мяцяжу Прыгожына Суравікін выступіў з відэапаведамленнем, у якім заклікаў вагнераўцаў спыніцца.