Лукашэнка: Ніякі я не дыктатар, а калі і дыктатар, то не апошні

«Я працую на высокай пасадзе, а не ўладарную». Так Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў свае 30 гадоў улады. Яго цытату прыводзіць БелТА.

06.07.2023 / 13:31

«Калі вы думаеце, што, знаходзячыся ў гэтай уладзе, я нешта празмернае атрымаў і атрымаў наогул, вы памыляецеся. Нічога падобнага. Я працую на высокай пасадзе, якую мне даверыў народ. Працую. А не валадару», — сказаў Лукашэнка.

«Не я ж вырашаю, быць мне ва ўладзе ці не», — заявіў ён, гаворачы пра тры дзесяцігоддзі ля руля краіны.

Адказваючы на пытанне пра лёс Беларусі пасля яго кіраўніцтва, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Які будзе лёс маёй Беларусі, я спадзяюся, мы з вамі ўбачым».

«Я задумваюся, што будзе далей, што будзе пасля мяне. Але калі я буду жывы пасля прэзідэнцкага тэрміну, я буду ісці гэтым шляхам і змагацца за суверэнную і незалежную Беларусь», — сказаў ён.

«Што тычыцца апошняга дыктатара Еўропы, вы павінны ўжо папрасіць прабачэння перада мной. Вы ўжо адышлі ад гэтага вызначэння. Ніякі я не дыктатар, а калі і дыктатар, то не апошні», — дадаў ён, не ўдакладняючы, каго мае на ўвазе.

Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года, калі выбары суправаджаліся нерэгістрацыяй і арыштамі праціўнікаў Лукашэнкі і назіральнікаў на выбарчых участках. Нягледзячы на гэта, Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы па звестках з участкаў, дзе выбарчыя камісіі дазволілі назіральнікам сачыць за падлікам галасоў, прайграваў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў улады. 

З 2022 года, пасля нападу Расіі на Украіну, беларусаў пачалі пераследаваць і за антываенныя выказванні або сімпатыі да Украіны.

За гэты час у краіне адбылося не менш за 50 тысяч палітычна матываваных затрыманняў, заведзена не менш за 12 тысяч палітычна-крымінальных спраў і адкінутыя базавыя нормы законнасці і маралі. Сістэмны характар набылі катаванні палітзняволеных.

Nashaniva.com