Каля 200 вагнераўцаў ужо могуць знаходзіцца ў Беларусі — «Беларускі Гаюн»
Нягледзячы на заявы Лукашэнкі, што найміты Прыгожына яшчэ не перакінутыя ў Беларусь, яны ўжо могуць знаходзіцца ў нашай краіне.
06.07.2023 / 15:17
Інфаграфіка: «Беларускі Гаюн»
Паводле інфармацыі, якую атрымаў «Беларускі Гаюн», каля 200 наймітаў ПВК «Вагнер» у гэты момант могуць знаходзіцца на тэрыторыі вайсковага палігона Лосвіда (Віцебскі раён).
Палігон Лосвіда знаходзіцца прыкладна за 52 кіламетры ад мяжы з РФ і за 150 кіламетраў ад мяжы з Латвіяй.
Паводле папярэдніх звестак маніторынгавай групы, там байцы ПВК «Вагнер» навучаюць стральбе некаторыя падраздзяленні УС Беларусі.
Маштабнага перамяшчэння ў Беларусь наймітаў ПВК «Вагнер» пакуль не зафіксавана, як паведамляе «Гаюн».
Сёння журналісты на прэс-канферэнцыі спыталі Аляксандра Лукашэнку пра лёс вагнераўцаў і Прыгожына, якія павінны былі з'ехаць у Беларусь.
«Наколькі я інфармаваны, байцы знаходзяцца ў сваіх лагерах [у Расіі]. Што тычыцца Прыгожына, то ён знаходзіцца ў Піцеры. На тэрыторыі Беларусі яго няма», — адказаў Лукашэнка.
На сённяшні дзень, паводле Лукашэнкі, пытанне перадыслакацыі вагнераўцаў не вырашана.
«Мы прапанавалі ім некалькі былых вайсковых гарадкоў, якія выкарыстоўваліся ў савецкі час, у тым ліку пад Асіповічамі, калі яны пагодзяцца. Але ў ПВК «Вагнер» іншае бачанне па размяшчэнні (зразумела, што пра гэта бачанне я вам не скажу)», — адказаў ён.
Ён дадаў, што галоўная ўмова размяшчэння вагнераўцаў у Беларусі — задзейнічанне іх «у абароне дзяржавы», на думку Лукашэнкі. «Галоўная ўмова — калі нам трэба будзе задзейнічаць гэтае падраздзяленне для абароны дзяржавы, то яно будзе задзейнічана імгненна. І іх досвед будзе запатрабаваны», — сказаў ён.