У Белавежскай пушчы шукалі белую піхту, а знайшлі дрэва яшчэ больш рэдкае

Вывучаючы гісторыю фарміравання лясных экасістэм Белавежскай пушчы, спецыялісты навуковага аддзела Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» знайшлі архіўны запіс аб наяўнасці ў Броўскім лясніцтве ўчастка з культурамі белай піхты (Abies alba) і пайшлі шукаць яго на мясцовасці. Але сапраўдная знаходка была яшчэ больш дзіўная, паведамляецца на сайце ўстановы.

06.07.2023 / 16:10

Псеўдатсуга справа. Гэта самае вялікае дрэва сярод іншых гэтага віду

Матэрыялы пасляваеннага лесаўпарадкавання 1951 года сведчылі пра наяўнасць участка белай піхты памерам у 0,2 га з 10-гадовымі дрэвамі вышынёй на момант абследавання 2-3 м.

Дагэтуль было вядома, што ў міжваенны час польскія леснікі займаліся стварэннем у Белавежскай пушчы эксперыментальных культур з выкарыстаннем экзатычных драўняных парод. З таго часу ў спадчыну засталіся веймутавы хвоі (Pinus strobus) і піхтавая пасадка ў адным з лясніцтваў. А падчас правядзення палявых даследаванняў было вырашана наведаць і той участак лесу, пра які ішла гаворка ў дакуменце. Ён размешчаны за ракоў Нарва, насупраць сядзібы Броўскага лясніцтва.

Аказалася, што таксатары лесаўпарадкавальнага трэста з далёкай Волагды, якія пасля вайны праводзілі тое абследаванне, памыліліся. Бо пры абследаванні загадкавага ўчастка ніякіх слядоў росту на ім піхты знойдзена не было. Гэта звычайны змешаны лес з хвоі, асіны, бярозы, елкі і алешыны, які ўтварыўся на месцы суцэльнай высечкі каля 80-90 гадоў таму.

У той жа час у некаторых елак была дзіўная структура кары. Яна была не такой цвёрдай і нібы пакрытая коркавым пластом. А паколькі адно з дрэў было нядаўна павалена ветрам, то можна было без праблем разгледзець ігліцу. Ёй дрэва таксама адрознівалася ад піхты і елкі — ігліца была мяккая і ня калючая.

Тады і стала зразумела, што тут калісьці былі пасаджаныя дрэвы іншага паўночнаамерыканскага экзота — псеўдатсугі (Pseudotsuga menziesii), ці, як яе называюць на радзіме, Дугласавай піхты.

Псеўдатсуга расце ў вільготных лясах Каліфорніі і з'яўляецца адным з самых высокіх дрэў у свеце — дасягае 100-метровай вышыні. У прыродзе яна жыве да 1000 гадоў.

Праўда, у Белавежскай пушчы дрэвы псеўдатсугі, узрост якіх складае амаль 90 гадоў, выглядаюць зусім дрэнна, значна саступаючы ў памерах мясцовым відам. Хутчэй за ўсё, абарыгенныя віды аказаліся больш устойлівымі ва ўмовах Белавежскай пушчы. Яны папросту абагналі псеўдатсугу ў хуткасці росту, што прывяло да яе зацянення і далейшай прыгнечанасці.

Відавочна, што ў гэтым месцы псеўдатсуга прайграла канкурэнцыю мясцовым пародам дрэў, таму ў далейшым яна паступова выпадзе са складу дрэвастою.

Чытайце таксама:

Упершыню ў гісторыі Белавежскай пушчы ў дэманстрацыйнай вальеры нарадзіліся ваўчаняты

У Белавежскай пушчы знайшлі яшчэ адну рэдкую расліну — сібірскі касач

У Белавежскай пушчы больш чым праз 40 гадоў зноў знайшлі вельмі рэдкі від асакі

Nashaniva.com