Ужо заўтра Польшча пачне значнае перамяшчэнне сваіх войскаў да мяжы з Беларуссю
Пра перамяшчэнне польскіх войскаў гаворыцца ў сённяшнім афіцыйным звароце некалькіх польскіх механізаваных брыгад. Робіцца гэта для супрацьдзеяння пагрозам з Беларусі, у тым ліку ядзерным.
07.07.2023 / 22:55
Фота: афіцыйная фэйсбук-старонка 12-й механізаванай армейскай брыгады Польшчы
Паводле афіцыйнай інфармацыі 12-й польскай механізаванай армейскай брыгады, яна разам з 17-й механізаванай брыгадай ў найбліжэйшы час пачне накіроўваць значныя сілы да мяжы з Беларуссю.
Гаворка ідзе пра адпраўку адной тысячы салдат і амаль 200 адзінак вайсковай тэхнікі, якія дапоўняць на беларускім напрамку ўжо існуючыя там 2000 салдат, 5000 тысяч памежнікаў і 500 паліцыянтаў.
Працэс адпраўкі дадатковых вайскоўцаў пачнецца 8 ліпеня.
«У рамках аперацыі «Бяспечнае Падляшша» заўтра мы разам з 17-й механізаванай брыгадай пачнем значнае перамяшчэнне салдат і тэхнікі да мяжы з Беларуссю. Просім кіроўцаў у цэнтральнай, паўночнай і ўсходніх частках Польшчы загадзя прадумваць свой маршрут з улікам праезду вялікіх вайсковых калон», — заявілі ў 12-ай польскай механізаванай брыгадзе.
Асноўнай мэтай гэтых манеўраў, па словах вайскоўцаў, з'яўляецца «дэманстрацыя польскай волі» на фоне будучага саміту НАТА ў Літве і розных пагроз, якія зыходзяць з тэрыторыі Беларусі.
Нагадаем, што нядаўна ў адказ на размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі Польшча афіцыйна звярнулася да ЗША з просьбай размясціць у сябе амерыканскую ядзерную зброю ў рамках спецыяльнай праграмы НАТА.
Чытайце таксама:
Прэзідэнт Польшчы заявіў, што яго краіна будзе змагацца за вызваленне ўсіх беларускіх палітвязняў
Амаль сотня мігрантаў прарвалася з Беларусі на тэрыторыю Польшчы
У Літве часова аднавілі ўнутраны памежны кантроль на мяжы з краінамі ЕС