Ці прыедзе Зяленскі на саміт NATO, яшчэ не ясна

Пакуль няма фінальнага рашэння адносна ўдзелу прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага ў Віленскім саміце NATO 11-12 ліпеня. Пра гэта віцэ-прэм'ер у пытаннях еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі Вольга Стэфанішына расказала ў інтэрв'ю «Еўрапейскай праўдзе».

09.07.2023 / 20:29

Фота: Getty Images

«Яшчэ не прынялі ніякіх канчатковых рашэнняў [наконт візіту]. Мы да канца не разумеем фармату ўсіх сустрэч у Вільні і да канца не разумеем пастаноў, якія будуць фізічна пакладзеныя на стол.

Гэта значыць, мадэлюем сітуацыю: Вільня, адбываецца пасяджэнне Рады Украіна — NATO, выступ прэзідэнта на самім саміце. На стале перад лідарамі ляжаць фінальныя дакументы, якія прапануюць прыняць па выніках саміту. Вось мы цяпер не ведаем, што будзе ў гэтых дакументах», — сказала яна.

Са слоў Стэфанішынай, ад фінальных дакументаў будзе залежаць, ці паедзе прэзідэнт Украіны на саміт.

«Увесь гэты тыдзень і папярэднія месяцы мы правялі ў камунікацыі з саюзнікамі. Прэзідэнт здзейсніў шэраг візітаў асабіста. Ён паехаў у Турцыю весці адпаведныя перамовы. І яго роля, я думаю, будзе вызначальнай і ў рашэннях, якія могуць быць прыняты па Швецыі. Гэта вельмі важна. Таму што мы думаем не толькі за сябе, але і за сяброў, скажам так.

І працягваюцца перамовы, якія вядзе Ярмак па гарантыях бяспекі. Працягваецца работа па фінальных дакументах. Ніякіх рашэнняў яшчэ не прынята», — дадала Стэфанішына.

7 ліпеня генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг абвясціў, што прэзідэнт Зяленскі возьме ўдзел у саміце NATO ў Вільні ў рамках пачатку новага фармату ўзаемадзеяння Украіны з Альянсам. Столтэнберг не ўдакладніў фармату ўдзелу прэзідэнта ў пасяджэнні.

Чытайце таксама:

«NATO ператварыла Вільню ў крэпасць». Альянс умацоўвае мяжу з Беларуссю перад самітам у сталіцы Літвы

Nashaniva.com