Пуцін сустракаўся з Прыгожыным — Libération

Французская Libération паведаміла, што Яўген Прыгожын з пятніцы, 1 ліпеня, знаходзіцца ў Маскве, дзе сустракаўся з Пуціным, а таксама Нарышкіным і Золатавым.

10.07.2023 / 07:45

Маскі з выявай прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна (справа) і ўладальніка ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына выстаўлены сярод іншых на продаж у сувенірнай краме ў Санкт-Пецярбургу. Фота: AP

Яўген Прыгожын разам з камандзірамі ПВК «Вагнер» сустрэўся з Уладзімірам Пуціным, піша Libération са спасылкай на крыніцы ў заходняй выведцы, піша «Агентство».

У Крэмль Прыгожын быў выкліканы яшчэ 1 ліпеня, на сустрэчах яго суправаджалі камандзіры ПВК, сцвярджае газета.

Па даных выдання, Прыгожына таксама выслухалі дырэктар Расгвардыі Віктар Золатаў і кіраўнік Службы знешняй разведкі Сяргей Нарышкін.

Згодна з угодай паміж Прыгожыным і Крамлём, пасля якой заснавальнік ПВК »Вагнер» спыніў марш на Маскву, ён павінен быў ўʼехаць у Беларусь. Аднак Аляксандр Лукашэнка ў чацвер заявіў, што Прыгожына няма ў краіне. Паводле звестак Лукашэнкі, Прыгожын «знаходзіцца ў Піцеры, можа быць, у Маскву паехаў».

Лукашэнка таксама дапусціў, што Пуцін мог змякчыць стаўленне да Прыгожына.

Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў у пятніцу заявіў, што Крэмль не сочыць за перасоўваннямі Прыгожына: «не маем ні магчымасці, ні жадання гэтага рабіць», — сказаў ён.

Ці прыедуць вагнераўцы ў Беларусь, па-ранейшаму невядома. Лагер пад Асіповічамі, які, як меркавалася, тэрмінова пачалі будаваць для байцоў ПВК, цяпер пусты, а Мінабароны РБ сказала, што збіраецца выкарыстоўваць яго для вучэнняў тэрабароны.

Чытайце таксама:

Прыгожын для паездкі ў Беларусь мог выкарыстоўваць дублёра. Сам ён не пакідаў Расію — The New York Times

Узброеныя cілы Беларусі гатовыя пераняць найбагацейшы досвед ПВК «Вагнер» — Мінабароны

Камандзір «Вагнера»: Мы ўсе ў адпачынку да пачатку жніўня, а пасля едзем у Беларусь

Стралкоў патлумачыў, нашто патрэбны адзін аднаму Лукашэнка і «Вагнер»

Nashaniva.com