На Віцебшчыне з пачатку года судзяць ужо восьмага дэпутата
Што адбываецца з дэпутатамі ў рэгіёне?
12.07.2023 / 09:13
Міхаіл Зазіт. Фота: lioznonews.by
Дэпутата Лёзненскага райсавета і дырэктара сельгаспрадпрыемства «Данукалава-Агра» Міхаіла Зазіта судзяць за падробку службовых дакументаў. Справу яго і яго намесніцы па жывёлагадоўлі Людмілы Шаторанка пачаў разбіраць Лёзненскі раённы суд. Абаіх вінавацяць па ч. 2 арт. 427 КК (службовы падлог).
Зазіт кіруе прадпрыемствам «Данукалава-Агра» амаль 17 гадоў з невялікім перапынкам: два гады ён быў намеснікам кіраўніка.
Неўзабаве па вяртанні ў дырэктарскае крэсла ў кастрычніку 2022 года Міхаіла Зазіта судзілі па адміністрацыйнай справе за невыкананне пісьмовых прадпісанняў кантрольных органаў.
Якраз тады, пасля выказванняў Аляксандра Лукашэнкі пра «абасраных кароў», прадпрыемствы, што спецыялізуюцца на жывёлагадоўлі, трапілі пад асабліва пільную ўвагу. Абласная пракуратура выявіла на фермах у «Данукалава-Агра» цэлы шэраг парушэнняў ветэрынарнага і санітарнага заканадаўства. Ліквідаваць іх своечасова кіраўнік не здолеў і быў пакараны штрафам па арт. 24.1 КаАП. На той час ён ужо быў дэпутатам Лёзненскага райсавета.
Пра адміністрацыйнае пакаранне дырэктара «Данукалава-Агра» шырока не паведамлялася. Раённая газета «Сцяг перамогі» пісала выключна пра поспехі гаспадаркі, праўда, пераважна ў галіне раслінаводства (да слова, Міхаіл Зазіт пачынаў свой працоўны шлях у гаспадарцы з пасады агранома).
Што да галоўнай спецыялізацыі — жывёлагадоўлі, — то сельгаспрадпрыемства зноўку трапіла пад шквал крытыкі. На лютаўскай нарадзе, прысвечанай стратам пагалоўя буйной рагатай жывёлы, дзе Лукашэнка запатрабаваў неадкладнага выкаранення недахопаў, у шэрагу «праблемных» згадалі і гаспадарку Міхаіла Зазіта: там на 61 грам знізіўся сярэднясутачны рост вагі цёлак.
Паводле мясцовых работнікаў, на фермах былі і іншыя недахопы
Іх прыхоўвалі станоўчымі справаздачамі. Аднак чарговая праверка прывяла да суда і кіраўніка Міхаіла Зазіта, і яго намесніцу Людмілу Шаторанку.
У адпаведнасці з ч. 2 арт. 427 КК вінаватых можа чакаць штраф, пазбаўленне ці абмежаванне волі ў сукупнасці з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю.
Паводле беларускага заканадаўства, да адказнасці за службовы падлог разам з кіраўніком можа быць прыцягнутая ўпаўнаважаная асоба, непасрэдна адказная за складанне справаздачных дакументаў.
За што дэпутатаў Віцебшчыны судзілі раней?
Міхаіл Зазіт стаў сёлета ўжо восьмым дэпутатам з Віцебшчыны, каго прыцягнулі да суда.
Як паведамляў тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю», суд Полацка і Полацкага раёна прыцягнуў да адказнасці адразу трох дэпутатаў сельсаветаў: Андрэй Героеў абвінавачваўся ў незаконных дзеяннях з агнястрэльнай зброяй, Анастасія Табольжына — у махлярстве ў буйным памеры, Браніслаў Піліпёнак — у крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі.
За перавышэнне паўнамоцтваў быў асуджаны былы намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама і намеснік старшыні Барздоўскага сельскага Савета Андрэй Канстанцінаў. У Шумілінскім раёне прызналі вінаватай у службовых падробках галоўнага заатэхніка сельскага прадпрыемства «Мішневічы», дэпутатку мясцовага сельскага Савета Марыю Барысаву.
Дэпутата Віцебскага гарадскога Савета Антона Дубовіка следства лічыць вінаватым у атрыманні хабару на пасадзе дырэктара домабудаўнічага камбіната, а таксама ў крадзяжах з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў.
Да гэтага пераліку можна далучыць і дэпутата Бялыніцкага райсавета 27 і 28 скліканняў Юрыя Заблоцкага, якога судзілі ў Лёзненскім раённым судзе.
За паўторнае атрыманне хабару на пасадзе дырэктара Віцебскага дзяржаўнага лесагаспадарчага аб'яднання ён асуджаны да пяці з паловай года пазбаўлення волі і штрафу памерам 11 тысяч рублёў. Прычым пакуль гэта адзінае суровае пакаранне: астатніх дэпутатаў каралі або «хатняй хіміяй», або пазбаўленнем волі з адтэрміноўкай на некалькі гадоў.
Чытайце таксама:
У Віцебску затрымалі экс-байца «Азова» па мянушцы Тэрор-Машына. Ён толькі нядаўна выйшаў з калоніі
У Віцебску праходзіць грамадскае абмеркаванне праекта Сафійскага сабора