Культура99

У Віцебску праходзіць грамадскае абмеркаванне праекта Сафійскага сабора

З 27 чэрвеня па 26 ліпеня ўключна Віцебскі гарвыканкам праводзіць грамадскае абмеркаванне праекта будаўніцтва Сафійскага сабора, які пазіцыянуецца як копія полацкага часоў Старажытнай Русі. Храм плануюць размясціць на левым беразе Дзвіны ля ўпадзення ў яе Пілатава ручая.

Агульны выгляд будучага сабора з боку Дзвіны

У 2019 годзе гарадскія ўлады скарэктавалі прыбярэжную паласу і водаахоўную зону, што дазволіла размясціць царкву ў гэтым месцы. 

Раней тут размяшчалася кардонная фабрыка, пазначаная на плане горада 1904 года. Уласна кажучы, гэта быў апошні год яе існавання. Папярова-абгортачная і кардонная фабрыка, заснаваная ў 1898 годзе рыжскім купцом Маціясам Кімелем, размяшчалася па 2-й Ніжне-Набярэжнай вуліцы, ніжэй па цячэнні ад сучаснага моста Блахіна. 

Кардонная фабрыка, на месцы якой плануецца будаўніцтва, на плане Віцебска 1904 года. Фота: Wikimedia Commons

На фабрыцы меліся паравыя машыны магутнасцю 80 конскіх сіл і два паравыя катлы. Выпускалася толевая, абгортачная, кардонная папера. У 1900 годзе на папярова-кардоннай фабрыцы працавалі 124 чалавекі, было выпушчана 10 тысяч пудоў паперы і кардону. У 1904 годзе прадпрыемства зачынілася з прычыны адсутнасці магчымасці ўнясення капіталу ў статутны фонд.

Але будынкі фабрыкі, складзеныя з чырвонай цэглы, працягвалі існаваць. Часткова разбураныя, яны трапляюцца ў кадр фотакамер нямецкіх салдат, якія ў час акупацыі пазіравалі побач з яўрэйскімі магіламі на Лучоскіх могілках, размешчаных на поўдзень ад фабрыкі. 

Кардонная фабрыка на здымках нямецкіх вайскоўцаў, 1940-я. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Мяркуючы па матэрыялах, прыкладзеных да ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, спецыяльна для размяшчэння праваслаўнага храма ў гэтым месцы рашэннем Віцебскага гарвыканкама ў снежні 2019 года была зацверджана карэкціроўка прыбярэжнай паласы і водаахоўнай зоны Дзвіны. Да гэтага будаўніцтва было немагчымым, бо супярэчыла заканадаўству. 

Генеральны план праекта з матэрыялаў для абмеркавання

Што тычыцца гісторыка-культурнага аспекту, то на сёння гэтая тэрыторыя не ўваходзіць ні ў якія ахоўныя зоны гістарычнага цэнтра, але з прыкладзенага ліста Мінкультуры вынікае, што дзеля недапушчэння знішчэння магчымых археалагічных аб'ектаў земляныя работы неабходна выконваць на падставе заключэння НАН Беларусі. 

Існаванне на гэтым месцы гістарычнай вытворчасці мусіць даць падставы для археалагічнага нагляду з фіксацыяй выяўленых рэштак пабудоў. Але, як ужо не раз аказвалася, гэты нагляд збольшага чыстая фармальнасць і не забяспечвае карэкціроўкі праекта для захавання старых падмуркаў. Апошні такі выпадак мы назіралі на будоўлі ў Гродне, калі скляпенні былой камяніцы на Савецкай плошчы проста разбурылі экскаватарам, хоць можна было іх экспанаваць у падвальных памяшканнях.

Сафійскі сабор у Віцебску, мяркуючы па рэндарах, будзе мець развіты стылабат, упісаны ў рэльеф рачных схілаў. Гэтая асаблівасць ужо стала звычайнай для многіх праваслаўных новабудоўляў, бо яна дае магчымасць сэканоміць плошчу і не забудоўваць храм з усіх бакоў дапаможнымі будынкамі. 

Рэндар выгляду сабора з поўдня

Але ў гэтым храме здзіўляе іншае — нетрадыцыйная для праваслаўя арыентацыя апсіды на поўдзень, а не на ўсход. Не зусім зразумела, чым кіраваліся ў такім яе размяшчэнні. Магчыма, зручнасцю доступу да храма, а можа, прывязваліся да таго, як адносна Дзвіны была арыентавана арыгінальная Сафія ў Полацку. У Полацку храм стаяў бокам да ракі, а яго апсіда была арыентаваная на ўсход (дарэчы, апсіда старажытнарускага храма захавалася і была ўмела ўпісаная ў новы барочны храм), у Віцебску ж кірунак Дзвіны іншы, таму, каб мясцовая Сафія таксама стаяла бокам да ракі, трэба адмовіцца ад традыцыйнай для праваслаўя арыентацыі храма.

Розныя варыянты рэканструкцыі першапачатковага выгляду полацкай Сафіі. Помнік старажытнарускага дойлідства дайшоў фрагментарна, што не дае цалкам дакладна ўзнавіць ягоны выгляд. Фота: shimoff

Нягледзячы на крытыку праекта з усіх бакоў, варта адзначыць і пазітыўны момант — праваслаўная царква нарэшце звяртаецца да ўласна беларускай спадчыны, а не да шатровых цэркваў расійскай Поўначы ды мураўёвак. Калі б Сафійскі сабор у Віцебску быў навукова дакладна адноўлены па прыкладзе полацкага арыгінала, то ён бы даваў добрую магчымасць зразумець, як выглядала культавае дойлідства на Беларусі ў часы Старажытнай Русі, бо цэлых і неперабудаваных помнікаў гэтай эпохі ў нас не засталося.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары9

  • 0101
    11.07.2023
    Вера і сенняшняя ўлада -рэчы несумяшчальныяЮ Дык якой трасцы?
  • Лёлік з-пад Лімасола
    11.07.2023
    Трэба больш зікуратаў!
  • рагнеда
    11.07.2023
    ну нахрэна гэта ўсё?

Цяпер чытаюць

«Толькі тры чалавекі будуць ведаць пра вас. Самы першы чалавек краіны». З'явіліся запісы размоў шпіёнкі Іны Кардаш з куратарам25

«Толькі тры чалавекі будуць ведаць пра вас. Самы першы чалавек краіны». З'явіліся запісы размоў шпіёнкі Іны Кардаш з куратарам

Усе навіны →
Усе навіны

Караеў расказаў, дзе цяпер працуюць яго сыны5

У Лідскім раёне экіпаж ДАІ пад’ехаў да машыны, што моцна захрасла ў сумёце, і раскрыў адразу некалькі злачынстваў

Некалькі расійскіх дронаў заляталі на Гомельшчыну 26—27 студзеня — адзін упаў у Добрушы5

Ва Украіне падчас затрымання забойцы загінулі чацвёра спецназаўцаў4

«Дзяўчаткі імкнуліся яе аберагаць». Гісторыя асуджанай за данаты Наталлі Левай, якая рыхтуецца нарадзіць за кратамі

Герасімаў аб’явіў аб захопе горада Купянск-Вузлавы, да якога расійскае войска нават не падышло18

Пяскоў панаракаў на «дэфіцыт сяброўскіх пачуццяў», што з некаторымі краінамі захоўваецца стагоддзямі14

Моцныя маразы вяртаюцца, да выходных да мінус 23°С

У Мінску пракладваюць тунэль для дажджавой вады1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Толькі тры чалавекі будуць ведаць пра вас. Самы першы чалавек краіны». З'явіліся запісы размоў шпіёнкі Іны Кардаш з куратарам25

«Толькі тры чалавекі будуць ведаць пра вас. Самы першы чалавек краіны». З'явіліся запісы размоў шпіёнкі Іны Кардаш з куратарам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць