Украіна пачала перамагаць Расію ў артылерыйскай вайне

Украіна знішчыла ў 4 разы больш артылерыйскіх гармат з пачатку контрнаступлення, чым страціла, падлічыў Forbes. Як піша выданне са спасылкай на незалежных аналітыкаў, з чэрвеня Расія страціла 32 гаўбіцы і рэактыўныя ўстаноўкі, у той час як УСУ — толькі восем.

12.07.2023 / 16:19

Фота: AP Photo/Evgeniy Maloletka

Па падліках Forbes, на пачатак контрнаступлення, 4 чэрвеня, ва Украіны на паперы было не менш за 2500 буйнакаліберных гармат і пускавых установак, у Расіі — каля 4500. Украіна перамагае ў артылерыйскай вайне за кошт пастаўленых заходніх сістэм, якія больш надзейныя, дакладнейшыя і дальнабойныя, чым сістэмы савецкага ўзору.

Усяго УСУ сфармавалі 13 артылерыйскіх брыгад. Акрамя таго, Германія, ЗША, Нарвегія і Вялікабрытанія адправілі Кіеву дзясяткі контрбатарэйных радараў, якія выяўляюць прыходзячыя артылерыйскія снарады і ракеты, вызначаюць іх крыніцу і даюць каманду дружалюбным гаўбіцам і пускавым устаноўкам адкрыць агонь у адказ.

Пры гэтым перад уварваннем расійская армія мела вялікую перавагу ў колькасці артылерыйскіх гармат. Да пачатку вайны ў РФ было 5000 артылерыйскіх гармат — у тры разы больш, чым ва Украіны. Але за 17 месяцаў баёў перавага расійскай арміі была падарваная — УСУ знішчылі 600 расійскіх гармат і пускавых установак. Масква за гэты час вывела са строю толькі 200 украінскіх гармат.

Тое, што расстаноўка сіл змянілася, стала прыкметна вясной гэтага года. У сярэдзіне красавіка Паўднёвае камандаванне УСУ паведаміла пра «ўражлівыя вынікі» ў сваіх намаганнях па нейтралізацыі расійскай артылерыі з левага берага Дняпра з дапамогай контрбатарэйнага агню.

Гэтае ж камандаванне цяпер адказвае за галоўныя напрамкі контрнаступлення на поўдні краіны. Менавіта там расійская армія цяпер губляе ў чатыры разы больш артылерыйскіх гармат, чым украінская, адзначае Forbes.

Чытайце таксама:

«Ведалі, дзе спыніўся на адпачынак таварыш генерал». Украінцы знішчылі яшчэ аднаго расійскага генерала

Нямеччына перадасць Украіне 25 танкаў Leopard і дзве ўстаноўкі ЗРК Patriot

Украіна наносіць удары па расійскай абароне здалёк, каб не рызыкаваць байцамі — WSJ

Nashaniva.com