Расійскі генерал Суравікін затрыманы контрразведкай — «Вёрстка»
Намеснік камандуючага аб'яднанай групоўкай расійскіх войскаў ва Украіне, галоўнакамандуючы Ваенна-касмічных сіл генерал Сяргей Суравікін затрыманы ФСБ па падазрэнні ў дачыненні да арганізацыі бунту, але па факце яму пакуль не выставілі ніякіх абвінавачванняў. Пра гэта піша расійскае выданне «Вёрстка» на падставе сведчання крыніцы, блізкай да праваахоўных органаў.
12.07.2023 / 17:54
Сяргей Суравікін. Фота: AP
Па словах яшчэ аднаго дасведчанага суразмоўцы «Вёрсткі», Суравікін ізаляваны і не выходзіць на сувязь з блізкімі больш за два тыдні.
Раней ФСБ у прэс-рэлізе заявіла пра спыненне справы аб вайсковым мяцяжы супраць Яўгена Прыгожына і «вагнераўцаў». Аднак, як патлумачыў «Вёрстцы» адвакат Яўген Смірноў, гэтая інфармацыя можа не адпавядаць рэчаіснасці. «Справа можа быць распачатая (аб завядзенні і спыненні справы нават былі заявы), але праверыць гэта нерэальна», — сказаў ён.
Хоць па большасці спраў тэрмін затрымання без выбару меры стрымання — 48 гадзін, па словах Смірнова, Суравікін цалкам можа быць ізаляваны да гэтага часу.
«Спосабаў трымаць чалавека ў ізаляцыі ад грамадства без выстаўлення абвінавачвання мноства: адміністрацыйны арышт, завядзенне іншай справы (прыклад — карупцыя) ці проста без юрыдычнага абгрунтавання (умоўны «падвал»), — удакладніў адвакат. — Аднак Суравікін — досыць высокапастаўленая фігура, да такіх звычайна асаблівае стаўленне. Такім можна на словах забараніць выходзіць з дому і камунікаваць».
Адносна лёсу Суравікіна супярэчлівая інфармацыя распаўсюджваецца з канца чэрвеня. 28 чэрвеня выданне The Moscow Times са спасылкаю на дзве свае крыніцы, блізкія да апарату Мінабароны, паведаміла, што намеснік камандуючага Аб'яднанай групоўкай расійскіх войскаў ва Украіне генерал Сяргей Суравікін арыштаваны. Пасля таго розныя крыніцы то пацвярджалі гэта, то абвяргалі. Але на людзях генерал з таго часу так і не з'яўляўся.
Афіцыйных каментароў наконт лёсу Суравікіна доўгі час не было. Толькі сёння старшыня Камітэта абароны расійскай Дзярждумы Андрэй Картаполаў заявіў, што генерал цяпер, маўляў, адпачывае. Аднак не ўдакладніўшы, дзе канкрэтна.
Сяргея Суравікіна прызначылі камандуючым расійскімі войскамі ва Украіне ў кастрычніку 2022 года. У студзені 2023 яго знялі. Камандуючым так званай Аб’яднанай групоўкай войскаў быў прызначаны начальнік Генштаба генерал арміі Валерый Герасімаў. Суравікін стаў намеснікам Герасімава.
Падчас мяцяжу Прыгожына Суравікін выступіў з відэапаведамленнем, у якім заклікаў «вагнераўцаў» спыніцца.