«Мы не Amazon». Брытанскі міністр абароны просіць Украіну быць больш удзячнай за аказаную дапамогу
Міністр абароны Вялікабрытаніі Бэн Уолес заклікаў Украіну выказваць больш падзякі партнёрам за аказаную вайсковую падтрымку замест таго, каб пастаянна ставіць патрабаванні па разблакаванні новых відаў узбраенняў. Пра гэта ён сказаў падчас размовы з журналістамі на палях Віленскага саміту НАТА ў сераду, як піша «Еўрапейская праўда».
12.07.2023 / 19:23
Бэн Уолес (злева) з генеральным сакратаром НАТА Енсам Столтэнбергам. Фота: AP Photo/Pavel Golovkin
Гаворачы пра тое, ці не паўплывае на баявы дух украінскіх вайскоўцаў адмова Альянсу назваць канкрэтныя часавыя межы прыняцця Украіны, кіраўнік брытанскага Мінабароны заявіў, што не верыць у гэта, пасля чаго сказаў, што Кіеў заўсёды просіць большага.
«Тут ёсць невялікая перасцярога: ці падабаецца нам гэта або не, людзі хочуць бачыць падзяку. Мая парада ўкраінцам: часам вы пераконваеце краіны адмовіцца ад уласных запасаў [зброі], і так, гэта — высакародная вайна, і мы бачым, што вы ваюеце не толькі за сябе, але і за нашы свабоды», — сказаў Уолес.
«Але часам вам даводзіцца пераконваць заканадаўцаў у Кангрэсе ЗША, вам даводзіцца пераконваць палітыкаў у іншых краінах, якія сумняваюцца, што вы ведаеце, што гэта таго варта, што яно таго варта і што яны нешта за гэта атрымаюць», — дадаў ён.
Міністр пасля гэтага ўспомніў, што часам чуе «бурчанне» ад амерыканскіх заканадаўцаў адносна падтрымкі Украіны: маўляў, «мы падалі 83 мільярды даляраў ці колькі там; ведаеце, мы не Amazon».
Ён расказаў пра свой візіт у чэрвені мінулага года.
«Я сказаў украінцам у мінулым годзе, калі ехаў 11 гадзін у [Кіеў] і атрымаў пералік [зброі], я сказаў, што я не Amazon», — дадаў ён.
Раней стала вядома, што ўрад Вялікабрытаніі падрыхтаваў пакет аб'ёмам амаль 65 мільёнаў даляраў на рамонт украінскай тэхнікі, а таксама на стварэнне Цэнтра рэабілітацыі для вайскоўцаў.
Чытайце таксама:
Зяленскі ў Вільні спыняўся ў гатэлі «Нарач»
Ціханоўская ўзяла ўдзел у сустрэчы жанчын-лідарак у рамках саміту НАТА