У Калінкавіцкім раёне пара буслоў здолела выкарміць ажно шэсць птушанят. Гэта рэдкасць

У Калінкавіцкім раёне пара буслоў вывела і здолела выкарміць шасцярых птушанят. Звычайна ў буслянках мы бачым па двое-трое птушанят. А па шэсць буслянят у адным гняздзе бывае ў спрыяльныя гады, як піша «Дзікая прырода побач».

12.07.2023 / 19:58

Шэсць буслянят у Калінкавіцкім раёне. Фота Андрэя Шэўчыка

У некаторыя гады на Прыпяці на дзве-тры сотні гнёздаў можна налічыць 10 буслянак з шасцю малымі. У літаратуры трапляюцца згадкі пра выпадкі і з сямю буслянятамі, але яны вельмі рэдкія.

Калінкавіцкае гняздо з буслянятамі знайшоў і сфатаграфаваў Андрэй Шэўчык.

Каментар па гэтым выпадку папрасілі ў Ірыны Самусенкі — даследчыцы буслоў, загадчыцы лабараторыі арніталогіі Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах. Яна якраз была ў экспедыцыі па ўліках буслоў і гаворыць, што там, у Івацэвіцкім раёне, далёка ад Прыпяці, было ў асноўным па адным-два, часам па трое буслянят.

«Ад гэтага года я не чакала шмат, таму здзівілася паведамленню пра шасцярых буслянят. Я чакала, што гэты год будзе як 2015-ы, калі больш за палову пар буслоў проста не мелі малых: мы нават радаваліся, калі сустракалі адзінкавыя выпадкі па 5 буслянят. Такіх выпадкаў было два ці тры на 2-3 сотні гнёздаў. Цяпер едзем на Піншчыну, можа, там будзе больш буслянят. У Прыпяці была вялікая вада, нягледзячы на тое, што на палях суха».

У Беларусі сёлета адзначаюцца рэкордна высокія тэмпературы, працяглыя перыяды без дажджоў: змены клімату даюць пра сябе ведаць. Але калінкавіцкія буслы здолелі знайсці ўдалае месца для гнездавання. Іх «ураджайнасць» паказвае, што ежы хапае і ім, і птушанятам.

Чытайце таксама:

«Сапраўдны баец». Як у Гродзенскім заапарку выратавалі жыццё буслу

У Еўропе белыя буслы гняздзяцца разам з чорнымі і нават утвараюць аднаполыя пары

«Яшчэ можна паспрачацца, хто большы драпежнік і хто прыносіць больш шкоды — бусел ці сіп». Экзатычная птушка пасялілася ў Лёзненскім раёне ў спустошанай буслянцы

Nashaniva.com