На тэрыторыі вагнераўскага лагера пад Асіповічамі паўтысячы адзінак тэхнікі
«Радыё Свабода» зрабіла аналіз свежага спадарожнікавага здымка ад сэрвісу Planet Labs, зробленага 19 ліпеня ў 6:29 раніцы, і падлічыла прыкладную колькасць тэхнікі, якая знаходзіцца на тэрыторыі вайсковай часці ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёна. Там размяшчаюцца расійскія найміты з ПВК «Вагнер», якія апошнімі днямі масава прыбываюць у Беларусь.
19.07.2023 / 17:08
Фота: «Радыё Свабода»
Наколькі дазваляе разгледзець якасць спадарожнікавага здымка, можна сказаць, што транспартных сродкаў каля намётавага лагера агулам не менш за 485.
Сярод іх
- каля 55 тэнтаваных фур, некаторыя з прычэпамі;
- каля 320 машын, па габарытах падобных да пікапаў УАЗ, грузавікоў-фургонаў, мікрааўтобусаў УАЗ (так званых «буханак»), мікрааўтобусаў тыпу «Газэль», УАЗ «Патрыёт», легкавых аўтамашын;
- каля 45 аўтобусаў розных мадыфікацый;
- каля 65 грузавых машын рознай мадыфікацыі, у тым ліку не менш за восем платформаў з тэхнікай на ёй, у большасці — будаўнічай.
Амаль уся тэхніка знаходзіцца каля будынкаў, падобных да складоў, а таксама стаянак вайсковага гарадка. Відаць, што некаторыя з машын знаходзяцца ў пазіцыі, якая сведчыць аб тым, што іх, магчыма, разгружаюць. Частка машын стаіць каля саміх намётаў.
Сярод агледжаных аб’ектаў не бачна цяжкай вайсковай тэхнікі.
Чытайце таксама:
Прыгожын у сваёй першай прамове ў Беларусі заклікаў «не крыўдзіць беларускіх дзяўчат»
У Беларусь прыбылі ўжо як мінімум 2000 наймітаў ПВК «Вагнер» — «Беларускі Гаюн»
«Спакойнаму жыццю прыйшоў канец». Жыхары вёскі Цэль расказалі пра суседства з вагнераўцамі