«Недапушчэнне пры правядзенні экскурсій суб'ектыўных некарэктных ацэнак». Мінспорту вызначыла патрабаванні да экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў
Пастановай Міністэрства спорту і турызму ад 4 ліпеня 2023 г. № 33 вызначылі «прафесійныя і этычныя патрабаванні да экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў». Натуральна, стваральнікі дакумента прыклалі ўсе намаганні, каб максімальна загнаць спецыялістаў у гэтай галіне ў пракрустаў ложак дзяржаўных ідэалагічных пастулатаў.
20.07.2023 / 22:18
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Holiday.by
Дэкларуецца, што «дзейнасць экскурсавода, гіда-перакладчыка павінна ажыццяўляцца на аснове прынцыпаў законнасці, кампетэнтнасці, справядлівасці і добрасумленнасці».
Ад экскурсаводаў і гідаў патрабуюцца ў абавязковым парадку «праява павагі да дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, гісторыі развіцця беларускай дзяржаўнасці, культурных і духоўных традыцый Беларусі і захавання яе гісторыка-культурнай спадчыны».
Таксама яны мусяць «фарміраваць уяўленне пра Беларусь як пра краіну, прывабную для турыстаў, экскурсантаў» і «не дапускаць пры правядзенні экскурсій суб'ектыўных некарэктных ацэнак і выказванняў аб Беларусі ды іншых дзяржавах».
Больш за тое, акрамя абмежавання ў выказваннях саміх сябе, экскурсаводы таксама
павінны «прымаць меры па недапушчэнні з боку турыстаў, экскурсантаў або іншых асоб некарэктных, правакацыйных ды іншых негатыўных выказванняў або дзеянняў».
Ад экскурсаводаў патрабуюцца веды не толькі па гісторыі, этнаграфіі, культуры, эканоміцы, прыродна-геаграфічных асаблівасцях, але і па «ўнутранай і вонкавай палітыцы краіны». Як можна здагадацца, самастойных думак адносна гэтай палітыкі дапускаць не плануюць.
Пастанова набудзе моц пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Чытайце таксама:
Прапагандысты раздалі парады панскаму маёнтку «Сула». Лепш бы яны маўчалі
«Прапагандуюць польскі складнік нашай гісторыі». Лукашысты апалчыліся на парк «Сула»