Генпракуратура Украіны пачала расследаванне датычнасці Беларускага Чырвонага Крыжа да вывазу дзяцей
23.07.2023 / 19:31
Генеральны пракурор Украіны Андрэй Косцін паведаміў аб пачатку расследавання ўдзелу Беларускага Чырвонага Крыжа ў незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей. Адпаведную заяву Косцін апублікаваў 23 ліпеня ў сваім афіцыйным твітары.
Фота: Andriy Kostin / Twitter
Паводле яго слоў, дзеянні беларускай арганізацыі груба парушаюць нормы Жэнеўскіх канвенцый і асноўныя прынцыпы Міжнароднага Чырвонага Крыжа.
«Удзел Беларускага Чырвонага Крыжа ў прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны — міжнароднае злачынства, грубае парушэнне нормаў Жэнеўскіх канвенцый і здзек з асноўных прынцыпаў Міжнароднага Чырвонага Крыжа. Са свайго боку, мы пачалі расследаванне, каб прыцягнуць злачынцаў да адказнасці за кожны выпадак вывазу ўкраінскіх дзяцей», — паведаміў генеральны пракурор Украіны Андрэй Косцін.
Нагадаем, што нядаўна кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў публічна прызнаўся ва ўдзеле арганізацыі ў вывазе дзяцей з Украіны, чым выклікаў велізарны скандал.
Пазней адна з беларускіх дэпутатак дадала, што вываз дзяцей ажыццяўляецца пры садзейнічанні ААН і Чырвонага Крыжа. Міжнародная федэрацыя Чырвонага Крыжа пры гэтым паспела адхрысціцца ад дзеянняў сваёй беларускай філіі.
Чытайце таксама:
Ці могуць Беларускі Чырвоны Крыж выключыць з міжнароднай арганізацыі?
Мы не ўдзельнічаем у вывазе дзяцей за межы Украіны — беларускае прадстаўніцтва ЮНІСЕФ
Лукашэнка заявіў, што стрымлівае вагнераўцаў ад экскурсіі ў Варшаву і Жэшаў