Мэр Адэсы — расейцам: Вы — проста істоты без роду і племені, маралі і каштоўнасцяў

Генадзь Труханаў запісаў вечарам відэазварот. У ім ён расказаў пра наступствы начнога ўдару расейцаў па горадзе, а затым перайшоў на рускую.

24.07.2023 / 07:51

Фота: Dumskaya.net

«Некалькі слоў на рускай, спецыяльна для расейцаў.

Каб вы ведалі, як вас ненавідзіць Адэса. Не толькі ненавідзіць, але і пагарджае. Вы змагаецеся з маленькімі дзецьмі, з праваслаўнымі храмамі. Ды што казаць — вашы ракеты ляцяць нават у могілкі. За гэтую вайну вас называлі па-рознаму: рашысты, оркі, мразі, гніды. Але гэта яшчэ ласкава.

Вы проста істоты без роду і племені, маралі і каштоўнасцяў. І без будучыні. Вы вельмі дрэнна ведаеце нас, адэсітаў. Вы нас не зломіце, а толькі раззлавалі яшчэ больш. Сіла нашых абаронцаў, памножаная на боль і злосць звычайных людзей, стане для вас прысудам. Слава Украіне!» — сказаў Генадзь Труханаў.

У ноч на 23 ліпеня расейцы нанеслі маштабны ўдар па гістарычным цэнтры Адэсы. Па горадзе запусцілі 19 ракет. У цэнтры горада былі пашкоджаныя 50 дамоў, у тым ліку тры дзясяткі помнікаў архітэктуры, а таксама разбураны Спаса-Праабражэнскі кафедральны сабор — найбуйнейшы праваслаўны храм горада. Адзін чалавек загінуў, 20 траўмаваныя, сярод іх чацвёра дзяцей — 11, 12 гадоў і двое 17-гадовых.

Nashaniva.com