Як паводзіцца падчас віхру і дзе небяспечна хавацца ад моцнага ветру
Трагедыя адбылася на мінулых выходных на Мінскім моры: праз віхор загінула 19-гадовая дзяўчына, яшчэ два чалавекі былі шпіталізаваныя. Віхры для Беларусі не характэрныя, аднак у сярэднім адзін-два разы на год яны на тэрыторыі краіны фіксуюцца. Расказваем, як засцерагчыся падчас гэтай прыроднай з'явы.
24.07.2023 / 13:49
Віхор пад Мінскам у выходныя. Скрын відэа «Анлайнер»
Віхры назіраюцца пераважна ў летнія гарачыя дні ў вельмі няўстойлівых паветраных масах трапічнага паходжання. Сіноптыкі звязваюць з'яўленне такой прыроднай з'явы ў Беларусі з пацяпленнем клімату.
Што рабіць, калі набліжаецца віхор?
Калі вы дома:
— Шчыльна зачыніце вокны і дзверы (не забудзьцеся пра балконныя).
— Калі балкон не зашклёны, хутка прыбярыце рэчы, якія патэнцыйна могуць разбіць шкло пры моцным ветры — напрыклад, падлогавую сушылку для бялізны.
— Выключыце электрабытавыя прыборы.
— Калі на дварэ ўраган, не падыходзьце блізка да вокнаў (нават калі вельмі хочацца зняць цікавае відэа для TikTok), найбольш бяспечнае месца ў кватэры — ванная або калідор.
— Калі вы знаходзіцеся ў вясковай хаце, пры магчымасці спусціцеся ў склеп. Вазьміце з сабой ваду, ежу, ліхтарык, штосьці з лекаў.
Калі вы дзесьці ў горадзе:
— Калі вы ў транспарце (не мае значэння, грамадскім або асабістым), выходзьце з яго і шукайце прытулку. Машыну рэкамендуецца пакінуць каля сцяны па ходзе ветру.
— Калі вы стаіцё на ўзвышшы, спусціцеся як мага ніжэй. Можна пайсці ў падземны пераход ці метро.
— У якасці прытулку падыдзе любы будынак — пошта, крама (у ідэале без вялікіх вокнаў, таму кавярняў з панарамным шкленнем лепш пазбягаць). Небяспечнымі з'яўляюцца шапікі тыпу «Белсаюздрука».
— Нельга хавацца пад мостам, а таксама знаходзіцца побач са станцыямі электраперадачы, запраўкамі і любымі аб'ектамі, якія могуць лёгка загарэцца.
— Трымайцеся як мага далей ад дрэў, слупоў, рэкламных банераў.
— Не выходзьце на вуліцу праз пару хвілін пасля таго, як вецер супакоіўся. Бо неўзабаве ўсё можа пачацца зноў.
Калі вы за горадам:
— Калі вы едзеце ў аўтамабілі, спыніцеся і схавайцеся ў кювеце не занадта блізка да аўто. Памятайце аб тым, што моцны вецер можа яго перакуліць.
— Калі побач з вамі агонь, затушыце яго як мага хутчэй.
— Не спрабуйце схавацца ў намёце. Шукайце любую выемку — яму, канаву, роў — кладзіцеся на дно і шчыльна прыціскайцеся да зямлі.
— Старайцеся абараніць галаву. Калі ў вас ёсць роварны шлем і вы паспяваеце яго апрануць — зрабіце гэта. Можна прыкрыць галаву заплечнікам або хаця б проста рукамі.
Чытайце таксама:
Cмерч у Шаркаўшчынскім раёне: сарваныя дахі, перакуленыя краны, выбітыя шыбы ФОТА, ВІДЭА
Падрабязнасці трагедыі на Мінскім моры, дзе ў непагадзь загінула 19-гадовая дзяўчына