Польшча пайшла насустрач беларусам з пратэрмінаванымі візамі PBH. Што змянілася?

Пачынаючы з 1 ліпеня ў Польшчы завяршыўся стан эпідэміялагічнай пагрозы. Тэрмін дзеяння прадоўжаных з нагоды пандэміі дакументаў, у тым ліку віз, скончыцца 1 жніўня. Праз гэта многія беларусы аказаліся ў складанай сітуацыі, у тым ліку тыя, хто перабраўся ў краіну па праграме Poland. Business Harbour. Але польскія ўлады пашлі ім насустрач.

27.07.2023 / 12:08

Беларусы, якія пераехалі ў Польшчу па праграме Poland. Business Harbour (PBH) і ажыццяўлялі там прадпрымальніцкую дзейнасць, апасаліся, што не змогуць працягнуць сваю дзейнасць пасля 31 ліпеня, калі застануцца ў краіне з пратэрмінаванай візай.

У такой сітуацыі аказаліся многія, хто падаўся на атрыманне ДНЖ, але не паспеў атрымаць дакумент, бо гэта няхуткі працэс. Польскае заканадаўства дазваляе такім асобам заставацца ў краіне на падставе штампа ў пашпарце, які пацвярджае той факт, што замежнік падаў дакументы на атрыманне ДНЖ. Але ў той жа час заканадаўства не прадугледжвала магчымасці ажыццяўляць прадпрымальніцкую дзейнасць, калі тэрмін візы скончыўся, а ДНЖ няма.

Аднак за некалькі дзён да наступлення даты Х стала вядома, што замежнікі, якія маюць у Польшчы бізнэс на падставе візы PBH, маюць права працягваць гэтую дзейнасць (у тым ліку супрацоўнічаць як самазанятыя асобы па дагаворах B2B) пасля заканчэння тэрміну дзеяння візы.

Гэта датычыць і тых выпадкаў, калі віза была працягнутая на падставе стану эпідэмічнай пагрозы (да 31 ліпеня).

«Умовай захавання права на вядзенне бізнэсу пасля заканчэння тэрміну дзеяння візы PBH з'яўляецца падача адпаведнай заявы на дазвол на жыхарства да заканчэння тэрміну дзеяння візы», — гаворыцца ў тлумачэнні да змен у польскім заканадаўстве.

Чытайце таксама: 

На «Гродна-Азоце» карты паляка прапануюць здаваць у КДБ

Нягледзячы на абмежаванні, беларусы купляюць нерухомую маёмасць у Літве. Што і дзе яны выбіраюць і як нават стараюцца абысці закон

Даніла Луцкевіч