У Батумі зноў блакавалі расійскі турыстычны лайнер, на яго борце быў і спявак з Беларусі

У Грузіі не дазвалялі сысці на бераг у Батумі пасажырам расійскага турыстычнага лайнера Astoria Grande. Такім чынам актывісты апазіцыйнай партыі выказвалі свой пратэст адносна прыбыцця ў краіну расійскіх Z-турыстаў і артыстаў.

31.07.2023 / 18:05

Фота: сацсеткі Дзмітрыя Калдуна

Упершыню лайнер з амаль тысячай пасажыраў на борце зайшоў у порт Батумі 27 ліпеня. Мясцовыя жыхары сустрэлі яго ўкраінскімі сцягамі і антываеннымі лозунгамі, а затым заблакавалі выхад на сушу і закідалі яйкамі аўтобус, які павінен быў везці турыстаў на агляд славутасцяў. У выніку судну давялося пакінуць порт раней запланаванага часу, а некалькі ўдзельнікаў акцыі былі затрыманыя.

Характэрна, што пасажыраў лайнера забаўлялі артысты тэлеканала «Ру-ТВ», многія з якіх удзельнічаюць у Z-патрыятычных канцэртах у Расіі і адкрыта падтрымліваюць вайну. У гэтай кампаніі аказаўся і былы ўдзельнік Еўрабачання ад Беларусі Дзмітрый Калдун, які ўжо не ўпершыню заўважаецца на такіх мерапрыемствах.

Сёння Калдун, дарэчы, моцна стукнуўся галавой на борце лайнера — лекарам давялося зашываць яму рану.

Урэшце пасажырам круізнага цеплахода, нягледзячы на пратэсты, удалося сысці на бераг і гэтым разам. Паліцыя затрымала 23 пратэстоўцаў. Пратэсты падтрымала прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі.

Арганізатары рэйсаў паабяцалі, што больш гэты лайнер з расійскімі турыстамі ў Батумі заходзіць не будзе. Пра гэта паведаміла РІА «Новості» са спасылкай на агенцтва па продажы круізаў. 

Чытайце таксама:

Былы блогер з каманды А4 пра гастролі па Крыме: А ў чым праблема?

«З задавальненнем. Стапрацэнтная перадаплата». Колькі хочуць зоркі беларускай эстрады за выступленне перад вагнераўцамі

«Гэта адна з самых свабодных тэрыторый і адна з самых справядлівых». Спявак Сярога расказаў, чаму вярнуўся ў Беларусь

Nashaniva.com