Вольга Гарбунова патлумачыла, што далей з грашыма з марафону
Прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі па сацыяльнай палітыцы, ініцыятарка марафону салідарнасці «Нам не ўсё адно!», які прайшоў на мінулых выхадных, Вольга Гарбунова сёння расказала пра вынікі збору грошай і наступную працэдуру далейшага размеркавання сабранай сумы 574 356 еўра.
31.07.2023 / 20:16
Вольга Гарбунова ад пачатку адзначыла, што выдаткаў на саму арганізацыю марафону яе камандай няма, а «прафесійны ўклад студый, рэдакцый, журналістаў, партнёраў, кансультантаў, нашых валанцёраў, якія адказвалі за сайт для збору данатаў і камунікацыю, ацаніць проста немагчыма — ён фантастычны».
Цяпер, паводле слоў Гарбуновай,
«усе сабраныя грошы ляжаць на рахунках плацежных сістэм Stripe, PayPal і ў крыптакашальках. Праз тыдзень пасля закрыцця марафону Stripe перавядзе грошы ў банк».
Банкаўская камісія будзе складаць 3—5 % ад сабранай сумы.
Пасля ўсе сабраныя сродкі будуць перанакіраваныя ў 13 праваабарончых ініцыятыў і фондаў салідарнасці. Грошы паміж імі будуць размеркаваныя ў пэўных прапорцыях, адпаведна запытам на падтрымку, якія ў іх ёсць цяпер.
«Па дамоўленасці з фондамі і ініцыятывамі грошы пойдуць на прамую дапамогу палітвязням і іх сем'ям. Грошы не пойдуць ні на адміністрацыйныя выдаткі гэтых арганізацый, ні на аплату працы іх супрацоўнікаў», — падкрэслівае Гарбунова.
Празрыстасць размеркавання будзе кантралявацца спецыяльна створанай назіральнай радай, у якую ўвойдзе як сама Гарбунова, так і прадстаўнікі аўтарытэтных незалежных беларускіх СМІ.
«На працягу тыдня назіральная рада прыме рашэнне аб размеркаванні сродкаў, фонд падпіша дамовы з арганізацыямі і ажыццявіць пераводы. Праз два месяцы арганізацыі зробяць справаздачу — і назіральная рада публічна раскажа аб выніках».
Чытайце таксама:
«Грантасосы купаюцца ва ўзаемным крывадушшы». Цапкала апляваў марафон салідарнасці
Святлана Курс прапанавала правесці яшчэ адзін марафон — для беларускіх ваяроў