«Мы не імкнемся капіяваць Amazon і AliExpress». Стваральнік беларускага маркетплэйса за мяжой расказаў, калі чакаць запуску пляцоўкі

Прадпрымальнік і актывіст Зміцер Завадскі вядзе з Германіі працу над стварэннем маркетплэйса, дзе можна будзе знайсці шырокі асартымент тавараў з беларускай мовай і сэнсамі. Калі чакаць запуску пляцоўкі і чаму ён упэўнены ў вялікім патэнцыяле беларускацэнтрычнага бізнэсу, Зміцер расказаў Budzma.org.

02.08.2023 / 19:48

— Зміцер, як Вам у галаву прыйшла думка стварыць беларускі маркетплэйс?

— Ідэя з’явілася даволі натуральна. У эміграцыі я сутыкнуўся са складанасцямі набыцця беларускіх кніг, якія вельмі люблю, таму першапачаткова задумаўся пра стварэнне інтэрнэт-крамы беларускай літаратуры.

Разважаючы над гэтым, я прыйшоў да высновы, што ў Беларусі такая пляцоўка можа быць прызнаная «экстрэмісцкай», таму пачаў шукаць спосабы стварэння большай колькасці пунктаў уваходу-выхаду беларускіх тавараў. Так з’явілася ідэя стварэння маркетплэйсу, якая хутка перарасла ад сферы кніжных выданняў да больш шырокага асартыменту тавараў. Коратка кажучы, я ўбачыў складанасці з рэалізацыяй і набыццём беларускіх тавараў за мяжой і шукаў найбольш эфектыўны спосаб іх вырашэння.

Гэтая ідэя была падмацаваная маім захапленнем талентамі беларусаў, якія жывуць як унутры краіны, так і за яе межамі.

Я ствараю платформу, дзе беларускія творцы, выдаўцы, вытворцы змогуць прадаваць свае тавары, дзе можна сабраць усе нашы ўнікальныя прадукты і зрабіць іх даступнымі ва ўсім свеце. Гэта важна не толькі для таго, каб распаўсюджваць беларускую прадукцыю, але і для падтрымкі беларускага прадпрымальніцтва, духу свабоды, беларушчыны.

— То-бок Вы спадзяецеся, што ваш маркетплэйс будзе гандляваць не толькі таварамі, якія вырабляюцца беларусамі за мяжою, але і ўнутры краіны?

— Мы абсалютна адкрытыя для тавараў, якія вырабляюцца як беларусамі за мяжой, так і ўнутры краіны. У тым ліку, мы плануем уключыць у асартымент тавары дзяржаўных прадпрыемстваў, калі на іх прадукцыі будзе змешчана беларуская мова, будуць выкарыстоўвацца нацыянальная тэматыка, сімвалы, каштоўнасці.

— На якім этапе цяпер знаходзіцца праца па стварэнні маркетплэйса?

— Мы вядзем працу ўжо амаль паўтара года. Гэта складаная задача, асабліва ўлічваючы, што мы не маем фінансавай падтрымкі, акрамя маіх сціплых асабістых сродкаў, і абапіраемся ў асноўным на валанцёраў. Мы таксама прысвячаем час перакладу некаторых убудоў WordPress на беларускую мову. Напрыклад, WooCommerce дазволіць інтэрнэт-крамам у адзін пстрык дадаць на свае сайты беларускую мову, беларускамоўны функцыянал. З гэтай працай дапамагаюць больш за два дзясяткі валанцёраў, і цяпер яна амаль завершана. Гэты пераклад, як і некаторыя іншыя, мы апублікуем у вольным доступе.

Прадказаць дакладныя тэрміны запуску маркетплэйсу даволі складана, але мы спадзяемся, што гэта адбудзецца ў найбліжэйшыя месяцы. Цяпер у нас у камандзе не хапае журналіста для артыкулаў аб нацыянальных каштоўнасцях, дызайнера для дапрацоўкі сайта, перакладчыка на англійскую. Таму будзем удзячныя за любую дапамогу — ад гэтага залежыць хуткасць запуску праекта.

— Якія тавары могуць прадавацца на маркетплэйсе? Ці будзеце імкнуцца да такой жа ўсёахопнасці, як Amazon, AlịExpress ці расійскі Wildberries у Беларусі?

— Наша мэта — прадставіць на маркетплэйсе самы шырокі спектр тавараў розных катэгорый: адзенне, кнігі, прадукты, тавары для дому, рамонту, тавары для дзяцей, творы мастацтва і нават электроніка, калі ў ёй будзе беларуская мова.

Мы імкнемся зрабіць пляцоўку месцам, дзе можна будзе знайсці больш за ўсё тавараў з беларускай мовай і сэнсамі, а таксама любых тавараў, зробленых беларускімі прыватнымі прадпрыемствамі, зарэгістраванымі як на радзіме, так і за яе межамі.

Мы не імкнемся капіяваць Amazon і AliExpress, але хочам стварыць па-свойму ўнікальную пляцоўку, пры гэтым універсальную, як гэтыя буйныя сайты.

— Як у цэлым ацэньваеце стан беларусацэнтрычнага прадпрымальніцтва ў сферы гандлю — як анлайн, так і афлайн?

— Зрабіць гэта мне даволі складана без канкрэтных статыстычных звестак. Аднак можна сцвярджаць, што ўнутры Беларусі гэтая сфера сутыкнулася з сур’ёзнымі праблемамі з-за палітычнай сітуацыі, рэпрэсій, цэнзуры і складанага фінансава-прававога становішча. І ў Еўропе ёсць цяжкасці з рэалізацыяй беларускай прадукцыі, асабліва ў выпадку афлайн-гандлю.

Нягледзячы на гэта, я ўпэўнены ў вялікім патэнцыяле беларускацэнтрычнага бізнэсу. Беларусы валодаюць талентам ствараць унікальныя і якасныя тавары, а цікавасць да нацыянальных каштоўнасцяў і культуры цяпер перажывае ўздым. Спадзяюся, што наш маркетплэйс зможа стаць часткай рашэння гэтых праблем, дапамагаючы беларускім прадпрымальнікам пераадолець згаданыя перашкоды.

— На якіх мовах будзе працаваць маркетплэйс?

— Асноўная мова сайта, безумоўна, беларуская. На першым этапе плануюцца таксама англійская і руская, наступная ў чарзе — нямецкая. Мы хочам зрабіць нашу платформу даступнай для максімальна магчымай колькасці людзей, але перавага, безумоўна, у беларускай мовы.

— Ці быў у Вас прадпрымальніцкі досвед?

— Я быў прадпрымальнікам у сферы будаўнічых паслуг на працягу васьмі гадоў — кампанія Zapavet. Нягледзячы на тое, што будаўніцтва — гэта дастаткова спецыфічная галіна, мы заўсёды імкнуліся падтрымліваць і прасоўваць беларускія нацыянальныя каштоўнасці: актыўна выкарыстоўвалі беларускую мову, сімволіку, ладзілі акцыі да нацыянальных святаў. У выніку ўся наша каманда цяпер на эміграцыі, у розных краінах, але мы працягваем удзел у нацыянальна-дэмакратычнай барацьбе, кожны ў сваёй сферы.

— Ведаю, што пасля ўдзелу ў Плошчы-2006 Вы некалькі гадоў правялі ў Польшчы. А пасля падзеяў 2020-га з-за адміністравання тэлеграм-канала «Лебяжий 97%» вымушаныя былі экстранна пакінуць Радзіму і пераплыць на маторнай лодцы мяжу паміж Беларуссю і Расіяй, каб трапіць ва Украіну. Але чаму Вы ўсё ж вырашылі асесці ў Германіі, а не ў Польшчы ці Украіне, якую пакінулі яшчэ да пачатку поўнамасштабнай вайны?

— Так, у мяне быў вопыт эміграцыі ў Польшчу пасля падзей 2006 года, але з-за пэўных асцярог, звязаных з бяспекай, я не разглядаў гэтую краіну як месца для сталага пражывання на гэты раз.

Украіна — краіна, якую я вельмі паважаю і лічу блізкай па духу. Але, нягледзячы на сваю любоў да яе, я не змог адчуць сябе ў ёй камфортна. Высокі ўзровень карупцыі і праблемы з заканадаўствам, асабліва ў галіне легалізацыі, ствараюць пэўныя перашкоды. Я заўсёды імкнуўся прытрымлівацца законаў у сваёй прадпрымальніцкай дзейнасці, усе замовы выконвалі па дамовах, без хабараў і шэрых схем, і мне здавалася складаным захаваць такую лінію ва Украіне.

У выніку я прыехаў у Германію. Гэта краіна з добрымі магчымасцямі для развіцця, стабільнага і бяспечнага жыцця.

Зміцер Завадскі ў Лебядзіным за дзень да выезду з Беларусі, у месцы, дзе штодзень праводзіліся пратэстныя мерапрыемствы

— Вы поўны цёзка вядомага журналіста, які знік у Беларусі ў 2000-м годзе. Гэта неяк адбівалася на Вашым жыцці?

— Нягледзячы на агульныя імя і прозвішча, мы не сваякі. Знікненне Змітра Завадскага безумоўна пакінула некаторы след у маім жыцці. Я не раз удзельнічаў у акцыях, прысвечаных памяці зніклых у тыя гады людзей і, на маю думку, гэтая гісторыя надала мне крыху больш сілы для барацьбы за свабоду.

— Зараз вы жывяце ў Кёльне. Якія ў вас уражанні ад Германіі?

— Мне падабаецца жыць у Германіі. Найбольш мяне ўразіла падтрымка, якую тут аказваюць дзяржава і грамадства тым, хто імкнецца нечага дасягнуць ці рэалізаваць. Тут табе даюцца канкрэтныя інструменты і магчымасці для дасягнення пастаўленых мэт, што рэзка кантрастуе з сітуацыяй у Беларусі.

Зміцер Завадскі

Як палітычны ўцякач, я атрымаў значную падтрымку: моўныя курсы, дапамогу на перыяд інтэграцыі. Калі я выказаў у цэнтры занятасці жаданне адкрыць маркетплэйс, мне аплацілі індывідуальнага коўча. Гэты спецыяліст на працягу некалькіх месяцаў штодзень дапамагаў мне з асновамі вядзення бізнэсу ў Германіі, з падаткаабкладаннем, падрыхтаваць бізнэс-план. Я вельмі цаню гэтую падтрымку і ўдзячны за дадзеныя магчымасці.

— А ці ёсць для Вас негатыўныя моманты жыцця ў Германіі?

— Недахопы, безумоўна, таксама ёсць. Пэўным бар’ерам з’яўляецца ўласцівы немцам менталітэт, які адрозніваецца ад беларускага і нават славянскага. Часам даводзіцца змяняць свой погляд на рэчы, развіваць новыя звычкі. Дарэчы, у Нямеччыне вельмі дрэнна ходзіць грамадскі транспарт: цягнікі, аўтобусы часта спазняюцца ці не прыходзяць зусім. Кожная краіна мае свае мінусы, але я гляджу на цяжкасці не як на перашкоды, а як на выклікі, якія стымулююць маё развіццё.

— Што скажаце пра славутую нямецкую бюракратыю?

— Першапачаткова яна зрабіла на мяне даволі негатыўнае ўражанне. Я не быў гатовы да таго, што амаль штодзень буду атрымліваць лісты ад розных арганізацый, на якія абавязаны адказваць. Бюракратыя праяўляецца не толькі ў афармленні дакументаў, але і ў зносінах: неабходнасць дамаўляцца загадзя, запісвацца, праходзіць праз розныя фармальнасці. Але сёння, праз паўтара года знаходжання тут, я не бачу ва ўсім гэтым праблем. Я зразумеў падыход і адчуваю сябе дастаткова камфортна. Усе гэтыя правілы і рэгуляванні створаныя для падтрымання парадку.

Мне складана ацаніць, наколькі лёгка ці цяжка адаптавацца іншым беларусам у Германіі, паколькі ў мяне няма шмат часу для стасункаў: увесь час ідзе на вучобу, вывучэнне мовы, працу над маркетплэйсам. Але тыя беларусы, з якімі я размаўляў, хацелі б вярнуцца ў Беларусь: гэта тычыцца не толькі тых, хто прыехаў пасля 2020 года, але і тых, хто жыве тут ужо 8-12 гадоў.

Я, безумоўна, таксама планую вярнуцца. Не таму, што мне нешта тут не падабаецца, а таму, што люблю Беларусь.

— Вяртаючыся да стварэння маркетплэйса: на рынку прысутнічаюць гіганты, якія сканцэнтравалі ў сябе велізарную аўдыторыю. Чаму Вы бачыце перспектыву ў беларусацэнтрычнай пляцоўкі?

— Сапраўды, рынак электроннай камерцыі знаходзіцца пад кантролем гігантаў, якія маюць велізарную колькасць карыстальнікаў. І калі б яны прапаноўвалі эфектыўныя інструменты для прасоўвання беларускіх тавараў, то я, безумоўна, не пачынаў бы гэты праект. Аднак гэтыя платформы не спецыялізуюцца на беларускай аўдыторыі. Гэта праяўляецца не толькі ў адсутнасці падтрымкі беларускай мовы, але і ў тым, што пошук і дастаўка беларускіх тавараў на гэтых платформах часта — задача не з простых.

З іншага боку, наш маркетплэйс спецыялізуецца менавіта на папулярызацыі беларускіх тавараў. Наша платформа распрацоўваецца з улікам зручнасці для беларусаў і нацэленая на задавальненне адпаведных патрэб.

Я перакананы ў тым, што наша платформа будзе папулярная. Таксама яна садзейнічае падтрымцы і развіццю беларускай мовы і культуры. Упэўнены, што беларусы, як унутры краіны, так і за яе межамі, гэта ацэняць. Нашай галоўнай мэтай з’яўляецца не столькі заробак, хаця і ў яго патэнцыял мы, безумоўна, верым, а ўмацаванне незалежнасці і нацыянальнага статусу Беларусі.

Чытайце таксама:

«Давайце падтрымліваць і распаўсюджваць сваё». Прадпрымальнік Зміцер Завадскі стварае беларускі маркетплэйс

«Мяне выпусцілі на доўгія выходныя, каб маглі адсядзець іншыя парушальнікі». Былая дырэктарка Іўеўскага музея збегла з хіміі, а цяпер робіць вышыванкі ў Беластоку

У Мінску пачалі прадаваць новыя карты госця горада. Што гэта такое, колькі каштуе і навошта трэба?

Nashaniva.com