Абітурыентаў у Вайсковай акадэміі і школах міліцыі дастаткова, а ў рэгіянальных ВНУ шакуюць недаборы

Адбываюцца залічэнні студэнтаў у беларускія ВНУ. Паводле адкрытай статыстыкі, ва ўніверсітэтах, што рыхтуюць вайскоўцаў і міліцыянераў, усё добра. У цывільных ВНУ ёсць праблемы, але не ва ўсіх. 

03.08.2023 / 19:45

У Вайсковай акадэміі сёлета ёсць конкурс амаль на ўсе спецыяльнасці, залічана будзе 649 чалавек з 814-ці ахвотных. 

Самыя няздольныя кадры, якія набралі менш за 120 балаў з улікам ЦТ і атэстата, сёлета ў Вайсковую акадэмію не паступяць. 

Больш за 300 балаў (з максімальных 400) набралі 68 чалавек, а балы асноўнай масы абітурыентаў вагаюцца паміж 275 і 180. 

Сярэдні конкурс па ВНУ — 1,25 чалавека на месца. 

Праблемы з'явіліся толькі з наборам беларусаў у вайсковыя ВНУ Расійскай Федэрацыі, у сувязі з чым Мінабароны абвясціла дадатковы набор. 

У мінскай Акадэміі міліцыі традыцыйныя праблемы толькі на факультэце міліцыі грамадскай бяспекі: туды ўдалося набраць толькі 80 чалавек са 145 патрэбных. 

Але вось на большасці астатніх факультэтаў поўны парадак. На факультэт крымінальнай міліцыі (спецыяльнасць «правазнаўства») ахвотных было больш чым утрая за колькасць месцаў. 

Пры гэтым шмат рэгіянальных ВНУ на грамадзянскія спецыяльнасці абвяшчае дадатковыя наборы.

Некаторыя іх спробы дагрукацца да мэтавай аўдыторыі можна адсачыць у паведамленнях БелТА, а таксама на сайтах рэгіянальных ВНУ. 

Сярод іншых дадатковыя наборы праводзяць сельскагаспадарчыя ВНУ, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт.

Чытайце таксама:

Законы не працуюць, але «Правазнаўства» цэніцца. Якія спецыяльнасці ва ўніверсітэтах самыя дарагія

Выраслі цэны на навучанне ва ўніверсітэтах. Колькі давядзецца плаціць?

«Дачка марыла стаць настаўнікам гісторыі, а сёння марыць з'ехаць з краіны». Бацькі беларускіх школьнікаў расказалі, якія планы цяпер у іхніх дзяцей

Nashaniva.com