Украінка спрабавала ўвезці ў Беларусь 100 тысяч даляраў без дэкларацыі

Брэсцкая транспартная пракуратура выдала санкцыю на заключэнне пад варту 41-гадовай іншаземкі, якая спрабавала незаконна ўвезці ў Беларусь буйную суму валюты.

08.08.2023 / 16:23

Інцыдэнт, як паведамляецца, адбыўся 28 ліпеня. Факт утойвання валюты выявілі супрацоўнікі Брэсцкай мытні падчас праверкі легкавіка, які заязджаў з Польшчы.

У машыне знаходзіліся замежныя грамадзяне — жанчына і двое мужчын. Кожны з іх задэклараваў пэўныя сумы, але жанчына перадала свайму спадарожніку 100 тысяч даляраў, паколькі не мела дакумента, які пацвярджае паходжанне гэтых грошай.

Паводле гэтага факту Брэсцкая мытня распачала крымінальную справу ч. 2 арт. 228 КК РБ, грошы канфіскавалі.

Жанчыне выставілі абвінавачанне ў незаконным перамяшчэнні праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза буйной сумы. Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне ад штрафу да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Пра грамадзянства жанчыны ў паведамленні пракуратуры наўпрост не паведамляецца, але з прыкладзенага фота, зробленага на мытні, можна меркаваць, што гаворка ідзе пра грамадзянку Украіны.

Чытайце таксама:

ДТЗ пад Рэчыцай — адзін чалавек загінуў, чацвёра пацярпелі

У Мінску ад удару маланкі загарэлася дрэва, а ў Вілейскім раёне ад непагадзі загінуў чалавек

У Капыльскім раёне маланка ўдарыла ў купал царквы

Nashaniva.com